Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

да няма нічога дайшлі, і сягоньня ўжо ня ве́даеш чалаве́к, дзе заўтра сонейка прыдзецца сустрэціць. Ох, Божа ты наш справядлівы, за якія грахі цяжкія караеш ты нашу сяме́йку! Ах, як-жа цяжанька! Падай мне́ вады Данілка (Данілка падае́).

ДАНІЛКА. Праўду мамка кажа. Страшэнна нягодна жыць на сьве́це. Вось хоцьбы і мне́ такая бяда зрабілася: скрыпку старую, што была ў мяне́ ране́й, татка са злосьці паламаў, а цяпе́р і рабі што хочаш. Пакуль-жа я новую такую змайструю… Ну, але затое калі і зраблю, дык вота-ж зайграю — цэлы сьве́т дзіву дасца!

СТАРАЦ. А гдзе-ж гаспадар ваш, пані гаспадыня?

ДАНІЛКА Тата пайшоў у двор прасіцца, каб яшчэ трохі пачакалі і не выкідалі нас адгэтуль.

МАРЫЛЯ. Так, так. Сягоньня зыйшоў час наш выехаць, а мой нічога яшчэ сабе́ не прыстараўся.

СТАРАЦ. Дрэнна, вельмі дрэнна, калі так выходзе. Свайго ня ме́ўшы — трэба легчы спаць ня е́ўшы.

ДАНІЛКА. Вось табе дык добра дзе́дка: з аднэй хаты выкінуць дык у другую пойдзеш.

МАРЫЛЯ. Усё-ж да апошняга часу думалі, што за намі зямлю прызнаюць, тым часам наадварот выйшла.

СТАРАЦ. Так, так пані гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носе.

МАРЫЛЯ. Мой-жа чалаве́к — каб вы, дзе́дка, бачылі: за апошні час як набраў сабе́ не́чага ў галаву, дык проста з розуму зыходзе. Учарне́ў, асунуўся, азыс, толькі таўпе́хаецца з кута ў кут, як сам ня свой. Баюся, дзе́дка, ве́льмі баюся, каб з ім, барані Божа чаго благога ня сталася.

ЗЬЯВА II.
ТЫЯ-Ж і СЫМОН.

СЫМОН. (уходзе з тапаром і кладзе́ яго за лаву). Ці тата, яшчэ не вярнуўся?