Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА III.
МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — СТАРАЦ

СТАРАЦ. Ох, маці, маці! Высака твой сынок падымацца хоча, але каб нізка часам не зваліўся.

МАРЫЛЯ. Цяжанька мне́ з ім якую радачку даць. Змалку дзён такі: як толькі нарадзіўся, дык і то сябе́ паказаў: грудзе́й ня прыняў, так, без малака, качаўся. Я тады ў двор за мамку засталася.

СТАРАЦ. Гартаўне́йшы і выйшаў ён за тое. А ў дварэ, кажуць, пераме́ны цяпе́р вялікія пайшлі.

МАРЫЛЯ. Але, дзе́дка — пераме́ны. Як вярнуўся малады паніч не́дзе з далёкага краю, з навукаў, дык усё пайшло ўве́рх дном — усіх чыншавікоў сталі чысьціць. Не чакае, пакуль суды пакончацца, а напе́рад за ўсіх заставы кладзе́ і высяляе; з намі так сама выйшла.

СТАРАЦ. Ве́даю, ве́даю пані гаспадыня! Старыя парадкі раскідаюць па сьве́це, а новых, ле́пшых, не́шта ня відаць і ня відаць.

ДАНІЛКА. Як уважаю, то мусіць толькі я адзін новым парадкам на сваёй новай іскрыпцы зайграю.

ЗЬЯВА IV.
ТЫЯ-Ж і ЗОСЬКА.

ЗОСЬКА (уходзе з кве́ткамі ў руках). Аа! Дзядочак к нам на госьці прыплёўся.

СТАРАЦ. Так, так, мая дачушка! Прыплёўся божым словам вас пахваліць; зараз далей паплятуся з тым самым.

ЗОСЬКА (падсаджаваючыся к старцу). Добра, што я дзе́дку тут застала: маю просьбу да цябе́.

СТАРАЦ. Слухаю, мая дачушка, слухаю. Хэ-хэ-хэ! Думаў, што я толькі ўсё мушу прасіць, ажно як бачу, то і ў мяне́ прасіць не́чага хочуць. Хэ-хэ-хэ! Яшчэ распане́ю з гэтакага гонару.

ЗОСЬКА. Дзе́дка заўсёды жартуе з мяне́, а я