Старонка:Раніца рыкае (1925).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗     ∗

Эх, вёска,
саламяная радасьць дуброў,
ну чаго так зайшліся цымбалы?
Ці ня высеяць хочуць мінулага боль,
палыном што у сэрца запала?

Яе выпіў я поўную чару
ў застаронку мужычых сяліб.
Мне тагды усьміхаліся чары,
калі сонца цадзілася з ліп.

Мае вусны ня ведалі сьмеху,
ён у прочках блукаў без мяне,
Бывала, як едзеш з начлегу,
ён шопатам ціхім каня абміне.

Дык мае залатыя цымбалы,
высявайце балючыя зыкі!
Ня ўзысьці ім у новую весну.
Гэтак грае апошні музыка
ля вясковых паломаных весьніц.