Старонка:Раніца рыкае (1925).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МНЕ ЧУПРЫНЫ НЯ ХОЧАЦЦА
ЗЬВЕСІЦЬ

Беланогі, расчухраны месяц
лявоніць у лісьці кляновым;
мне чупрыны ня хочацца зьвесіць
ў гэты вечар аўсяна-зялёны.

Хай туман сырадоем абмые
мае веснамайскія кудлы.
Затуліўшыся ў сочнай каліне
расцалуюся з месяцам блудным.

І пайду сінявою мурожнай
да начлежнікаў хлопцаў буяных.
Хай прыгорне мяне вербалозьзе,
бо я хмелём сягоньнешнім п‘яны.

Ой вы, поплавы, ў шэрай сярмязе
веснавейце ў лагчыне імглістай!
Мяне променем сонца абвяжа
напярэдадні ў зелені лісьцяў.

Закалосяцца песьні па лесе,
усьміхнецца як раніца ў клёне.
Ой, чупрыны ня хочацца зьвесіць
ў гэты вечар аўсяна-зялёны!