Старонка:Пісаравы імяніны (1927).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Усе мы ў згодзе жывём, адзін піша, другі падпісуе, трэці пакуе, чацьверты ў вастрог мяркуе, пяты гарэлкай таргуе, шосты звоніць і хавае, сёмы галовы здымае.
Біцца мы ніколі ня біліся, і сварыцца не сварыліся; у дзень я ў воласьці пішу, а думку ў сэрцы нашу: лепш мець сто рублей, як сто друзей. Урра…

Набінос (узяў чарку і бутэльку да Мар‘і). Мар‘я, давай з табою вып‘ем! (налівае).

Мар‘я. А чаму-ж, згода! (п‘е).

Набінос (налівае яшчэ).

Мар‘я. А цяпер за здароўе майго пана і пані… Панок мілы, я, старажыха Мар‘я ў тэй чарачцы, што выпіла, пасылала пану сіл, здароўя, і ўсялякай трасцы.
Мая справа — мясьці ў воласьці падлогу, ваяваць з мужыкамі, есьці гарачыя бліны і трымаць нос тапарышчам…

Пісар. Ну годзе Мар‘я, стань ля Панаса. Госьці, а цяпер запяем.

Усе (запяем, запяем).

Пісар. А ў мяне і музыкі ёсьць. Панас кліч сюды музыкаў.

Панас. А яны тутка за дзьвярыма. Гэй музыкі, сюды на ігрышча.