Старонка:Піотуховіч Купала.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

змаганьня. Значна пашырылася творчасьць поэты і збоку формальна-эстэтычнага; у "Жалейцы" конкрэтнае мысьленьне аўтара параджае адпаведныя конкрэтныя вобразы, мы знаходзім тут сакавітыя эпітэты і параўнаньні: у Купалы месяц сьвеціць, як лысіна ў пана, альбо, як дзюрка ў сярмязе; печ раўняецца ў яго з вураднікам, які з-пад ілба глядзіць на ўсю хату. У „Гусьляры“ нахіл аўтара да філёзофскіх абагульненьняў параждае прыёмы алегорыі і сымболікі: сонца і зоры бяруцца, як сымболь высокага ідэалу, зіма,―як сымболь цяжкай рэакцыі, вясна ўвасабляе сабой рэволюцыйны ўздым і інш. У „Шляхам жыцьця" на падставе захапленьня поэты высокімі ідэаламі лепшай будучыны вынікае вялікая мэтафорычнасьць стылю; ночка сьпявае ў Купалы сьмелы гымн каханьня, сіні бор ён прымушае сьмяяцца і плакаць да самага сьвітаньня, у другім месцы гэты дзед-бор патрасае ў поэты сваёй зялёнай каронай і ў няўгадных словах піша свае законы; сьмелыя мэтафоры разрастаюцца ў поэты ў трапныя ўвасабленьні і зграбныя пераварочаньні. Поэта, напрыклад, так выражае свае пяшчотныя пачуцьці:

З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай
маланкі выткаў-бы шаты,
З сонца і кветак-пралесак карону
вяночак зьвіў-бы Табе я.
З пальмаў, з цыпрысаў сьвятліцу ў цьвітучай
цяністай строіў-бы кнеі;
Волбачак зьняў-бы на трон з небасклону,
з-пад сонца пышны, багаты.

Разам з тэматычным і формальным пашырэньнем поэзіі Янкі Купалы пашыраецца й паглыбляецца і творчая самасьвядомасьць песьняра. У "Жалейцы" ён выказвае скромны погляд на сябе, раўняючы сябе з верабейкам, які скромна чырыкае, з-пад Гайны; у „Гусьляры" ён ужо раўняе сябе з сокалам і ветрам, асазнае об'ектыўнае і суб'ектыўнае значэньне поэзіі: песьня—гэта сіла, якая руйнуе ўсе перашкоды і пракладае зорны шлях да сонечнага сьвятла ідэалу; песьня духоўна прыпаднімае самога поэту з стану моральнай дэпрэсіі („Сон“). Гэтай проблеме творчай самасьвядомасьці поэты асабліва шмат твораў пасьвечана ў зборніку „Шляхам жыцьця“. „Курган“, „На куцьцю", "Забытая скрыпка“, „Абразок“, "На папасе"—усе гэтыя творы высьвятляюць пытаньне аб мэтах і задачах поэзіі. У „Кургане“ падкрэсьліваецца соцыяльная місія поэты; поэзія павінна выкрываць соцыяльныя крыўды: гусьляр адважна кідае ў твар князю шчырую праўду, гаворыць, што ўсё яго багацьце пабудована на крыві і пакутах людзей:

„Глянь у лёхі свае, ў падзямельлі глянь, князь,

„Што настроіў пад хорамам гэтым:

"Брацьця корчацца там, табой кінуты ў гразь,

"Чэрві точаць жывых іх, разьдзетых.