Старонка:Піотуховіч Купала.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мяккія ідылічныя малюнкі прыроды, рэдка яго муза спыняецца на грозных і магутных зьявах, у прыродзе поэта як-бы шукае супакою і забыцьця ад суровай жыцьцёвай прозы. Адсюль вынікае імпрэсыянісцкі характар малюнкаў прыроды песьняра. Трэцяя адзнака гэтых малюнкаў—шырокае і поўнагучнае ўспрыняцьце зьяў прыроды: Янка Купала дае нам ня толькі плястычныя вобразы, ён зарысоўвае рознастайныя шумы і гукі прыроды; плястыка вобразаў у яго цесна злучаецца з музыкальнасьцю.

Другая крыніца лірыкі ў Янкі Купалы—гэта каханьне. Малюнкі каханьня ў поэты цесна зьвязаны з яго прыродаапісальнай лірыкай. Пясьняр пераважна рысуе нам пяшчотныя ідыліі гэтага пачуцьця на лоньні прыроды; муза яго ня ведае бурнага палу і хваравітай эротыкі, — малюецца здаровае пачуцьцё ў здаровай абстаноўцы. Самыя рызыкоўныя сытуацыі поэта ўмее прыкрываць трапнымі вобразамі, якія большаю часткаю запазычваюцца з народнай творчасьці; адсюль вынікае асаблівая саромлівасьць і цаламудранасьць музы песьняра...

"Жалейка", "Гусьляр" і "Шляхам жыцьця" ўяўляюць сабой тры паасобных этапы ў мастацкім разьвіцьці Янкі Купалы. У зьмене гэтых этапаў заўважваецца некаторая законамернасьць. У "Жалейцы"—Купала пераважна назіральнік дзейнасьці; ён малюе сялянскае гора ў розных яго аспектах, уціск і заняпад роднай краіны параджаюць у поэты стан моральнай дэпрэсіі. У „Гусьляры" Янка Купала крыху адходзіць ад дзейнасьці і процістаўляе ёй сваё "я“; ён імкнецца асмысьліць жыцьцё, пабудаваць сабе пэўныя ідэалы. У "Шляхам жыцьця" пясьняр малюе нам дзейнасьць, але ўжо асіяную сьвятлом ідэалу. Можна ўгледзець, такім чынам, некаторую дыалектычнасьць у агульным процесе мастацкага разьвіцьця Янкі Купалы: "Жалейка“ дае нам тэзіс дзейнасьці, "Гусляр"— уяўляе сабой да некаторага стопню антытэзіс—процістаўленьне гэтай дзейнасьці ўласнага "я"; "Шляхам жыцьця"—сынтэз, гармонічнае злучаньне элемэнтаў об'ектыўных і суб'ектыўных. Гэтым тлумачыцца розьніца ў эмоцыянальнай ахварбоўцы паасобных зборнікаў: у "Жалейцы" Янка Купала толькі сумуе над дзейнасьцю царскай рэакцыі, у „Гусьляры" ён адыходзіць ад гэтай дзейнасьці ў глыб філёзофскай рэфлексіі, у "Шляхам жыцьця" ён заве ператварыць дзейнасьць у імя ідэалу і па ўзоры ідэалу. Гэткім чынам, разгледжаныя зборнікі вычэрпваюць усе вядомыя нам віды лірыкі: у першым зборніку прадстаўлена лірыка беспасрэдняга пачуцьця, у другім зборніку—дадзена лірыка задуменьня, у „Шляхам жыцьця" —пануе лірыка захапленьня і адушаўленьня.

Усяго чатыры гады аддзяляюць "Жалейку“ ад „Шляхам жыцьця“, але гэтыя гады прашлі для поэты не дарэмна; творчасьць яго значна пашырылася ў параўнаньні з першым зборнікам; яна ўвабрала ў сябе шмат тэм філёзофскіх, грамадзянскіх і іншых; зьмянілася значна эмоцыянальная ахварбоўка: на зьмену суму і мэлянхоліі прышоў патос барацьбы і