Старонка:Піотуховіч Купала.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сучаснае было тады сумным, няхай Беларусь была тады прыгнечанай рабыняй з цярновым вянком на галаве, цемру гэтай сучаснасьці для поэты праразалі сьветлыя зоры будучыны; поэта верыў, што гэта будучына скіне з Беларусі цярновы вянец і ўскладзе на яе вянок з пахучых кветак шчасьця і радасьці. Пад уплывам такіх настрояў, поэта свой надзвычайна настраёвы верш "Ворагам беларушчыны" канчае сьветлым акордам:

К свабодзе, роўнасьці і знаньню
Мы працярэбім сабе сьлед,
І будзе ўнукаў панаваньне
Там, дзе сягоньня плача дзед.

У жудаснай цемры царскай рэакцыі поэта ўжо падглядзеў ранішнія зарніцы, хуткі расьсьвет рэволюцыі, і ён піша свой чароўны верш "Ужо днее". Гэтак ад пэсымізму ў „Шляхам жыцьця" Купала пераходзіць да больш бадзёрага настрою, на змрочным фоне гамлетызму ўжо выяўляюцца іншыя сьветлыя блікі.

Паглыбляюцца ў дадзеным зборніку і соцыяльныя мотывы. У першых двох зборніках абмалёўваецца, галоўным чынам, сялянства, панства зачапліваецца толькі пізодычна; у "Шляхам жыцьця" абрысоўваецца ня толькі гаротны селянін, але процілеглы—стан "ликующих, праздно болтающих, обагряющих руки в крови". Панства акрэсьлена выступае тут, як паразітарны стан...

Над цёмнай вёскай, дзе мігацяць лучыны, высіцца багаты панскі палац.

Дымна замглелі, як блудныя вогні,
У вёсцы далёкай лучыны...
весела, ярка ў палацы сягоньня,
Хвіляй-мінутай—гадзіна.
Шыбы зардзелі блісканьнем няўхватным;
Кружацца пары, мігаюць;
Душы, да славы ўсебратняй ня здатны,
Вокліку суму ня знаюць.

Гэтак панства весяліцца, але бязьлітасная рука гісторыі ўжо піша свой суровы прыгавор над адыходзячай у нябыт соцыяльнай клясай... Вокны палацу асьвятляюцца заравам пажару, паднімаецца сялянства, змагаючыся за лепшую долю і імкнучыся адамсьціць за свае адвечныя мукі і крыўды...

Гэй-жа, ў тахт ногі!.. Пара за парай!
Стой!!! Блеск чырвоны шыбае з вакон.
Ах! Гэта вёска сьвеціць пажарам...

Апроч ідэёвай лірыкі, у „Шляхам жыцьця" мы знаходзім лепшыя прыродаапісальныя вершы Янкі Купалы. Пераважна пясьняр рысуе нам