Старонка:Піотуховіч Купала.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ідэя ня новая ў філёзофіі гісторыі: яна, як вядома, была разьвіта яшчэ Джонбатысто Віко, у нашы часы—адноўлена Шпанглерам і іншымі.

Для нас „Гусьляр" мае паважнае значэньне, як спроба Янкі Купалы разабрацца ў агульных пытаньнях філёзофскага характару—спроба разьвязаць пытаньне аб сэнсе ўсяго існуючага, гэтую адвечную проблему; гаворачы словамі Гэйнэ:

Головы в иероглифных кидарах,
В черных беретах, чалмах,
В пудре—и головы всякого рода
Бились над этим вопросом в слезах.

Асобны нахіл да філёзофскай рэфлексіі адбіваецца і на об'ектыўных мотывах зборніка „Гусьляр“. Праўда, і тут яшчэ адчуваецца часткаю манера „Жалейкі"—выхляпляць і зарысоўваць паасобныя абразкі жыцьця; і ў „Гусьляры" мы знаходзім соцыяльныя малюнкі рэалістычнага характару: апяваецца гаротная доля безьзямельных, сірочая доля і інш. Але побач з гэтай рэалістычнай манерай выяўляецца і другая манера—імкненьне даць філёзофскае абагульненьне фактаў жыцьця; адсюль вынікае надзвычайна пашыраны ў Янкі Купалы прыём схэматызацыі, жыцьцё як-бы вылушчваецца з рамак побыту і разглядаецца быццам пэўная абстракцыя, адцягненая катэгорыя. Такі прыём мы спатыкаем ў вершах "З песень жыцьця", "Над калыскай“ і інш., дзе разглядаецца жыцьцё чалавека наогул. Абразкі гэтага жыцьця агорнуты змрочным флёрам пэсымізму; густую цемру пэсымізму толькі зрэдка праразаюць тут сьветлыя праменьні веры поэты ў сябе і свой народ.

Іншы характар носіць трэці этап у мастацкім разьвіцьці Янкі Купалы—зборнік "Шляхам жыцьця" (1913 г.). Праўда, і тут часам мігацяць мрачныя цені былых настрояў, але перавес канчальны ўсё-ж такі на старане сьвятла. У „Гусьляры" поэта перажыў стадыю бязгрунтоўнага гамлетызму; там імкненьне разьвязаць агульныя проблемы жыцьця параджала сабой ціхую развагу і цяжкое задумленьне. У "Шляхам жыцьця“ Янка Купала выступае ў новай постаці барацьбіта і змаганьніка. Ён у значнай ступені адкідае ўжо бясплодную рэфлексію і акрыляецца магутнай верай у зьдзейсьненьне сваіх ідэалаў. Гэтыя ідэалы, папершае, зводзяцца к ідэалам нацыянальнага і соцыяльнага вызваленьня айчыны.

Нацыянальныя мотывы эпізодычна трапляюцца і ў двох папярэдніх зборніках, але там заўважваюцца больш эмоцыянальныя адносіны песьняра да Беларусі; у „Шляхам жыцьця" выступае ўжо выразна акрэсьленая ідэолёгія адраджэнца. Пытаньне аб беларускай істотнае для справы адраджэньня, нацыянальны ўціск чужынцаў, гандаль душой беларуса—усё гэта знашло сваё выяўленьне ў дадзеным зборніку. Акрылены ўжо бадзёрым оптымізмам, поэта сваім тварам павернуты ня толькі да прошласьці, ня толькі романтыку мінулага выяўляе ён у сваёй творчасьці—другой постацьцю сваёй істоты ён павернуты да будучыны. Няхай