Старонка:Піотуховіч Купала.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сьцяпана Булата, поэта праваджае ў магілу комуністычнага дзеяча словамі шчырага смутку і спагаданьня:

Задрамаў ты з доляй, з хвалай,
Жвір халодны прыгаруніў...
Ой, скасіла, ня спытала!
— Сьні, таварыш, аб Комуне.
Ты хапаў за косы сонца,
Думаў думку аб пяруне,
Што дух збудзе ўсёй старонцы...
— Сьні, таварыш, аб Комуне.

„Безназоўнае" пакуль што замыкае сабой даўгі шлях мастацкага разьвіцьця поэты. Першы і апошні зборнікі да некаторага стопня ўяўляюць сабой два процілеглыя полюсы творчасьці песьняра: на адным полюсе сум і мэлянхолія, на другім—радаснае прыняцьце сучаснасьці і бадзёрая вера ў яшчэ лепшую будучыну. Змаганьне сьвятла і ценяй, якое запаўняе сабой прастор паміж гэтымі абодвума полюсамі, кончылася, такім чынам, перамогай сьветлага пачатку...

І цені, і сьвятло ў творчасьці Янкі Купалы маюць свае пэўныя соцыяльныя і гісторыка-культурныя падставы. У лірыцы Купалы многа месца адводзіцца выразу індывідуалістычных настрояў, і гэты індывідуалізм поэты, думаецца нам, мае свае карэньні у ўмовах класявага пахаджэньня поэты. Сын дробнага працоўнага арандатара, Купала цесна зьвязан з сялянскай гаспадаркай, усё яго маленства і юнацтва прашло ў цяжкай працы земляроба. "Сяляне працуюць кожны на сваім палетку“, кажа М. М. Пакроўскі, "параўнальна рэдка дапамагаюць адзін другому, а калі прадаюць вырабы сваёй зямлі, тады ўжо зьяўляюцца супернікамі адзін другому. З гэтай прычыны ў селяніна не магла разьвіцца солідарнасьць".

Апроч соцыяльна-экономічнага фактару, разьвіцьцё індывідуалістычных настрояў у Купалы выклікалася і політычна-гістарычнымі акалічнасьцямі царскай рэакцыі, у багне якой прышлося выступаць поэце на літаратурную ніву. Назіраецца агульны соцыяльны закон, што калі дзейнасьць адпавядае ідэалам мастака, то ён адходзіць ад яе ў глыб сваіх уласных індывідуальных перажываньняў. Дзейства гэтага заксну асабліва выяўляецца на сучасных Янку Купале расійскіх поэтах і пісьменьніках. Так, Андрэй Белы заблытваецца ў непраходнай тхлані містыкі, Бальмонт сам сабой "забавляется и развлекается", Фёдар Салагуб будуе сваю тэорыю "Творимой легенды", Арцыбашаў і Анатолі Каменскі смакуюць палавую проблему, нават Валеры Брусаў і той аддаў належны падатак часу. У параўнаньні з музай гэтых прадстаўнікоў расійскага Парнасу, муза нашага беларускага песьняра аказваецца здаровай; Янка Купала ніколі не даходзіць да крайнасьцяй індывідуалізму, у яго мы хутчэй спатыкаем сынтэз індывідуалізму і грамадзкасьці. Пад уплывам жыватворчых павеваў Кастрыч-