Старонка:Піотуховіч Купала.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

першае, надзвычайнай моцы дасягае тут нацыянальны патос поэты, узвышаючыся да мотываў богазмаганьня. У вершы "Цару неба і зямлі" пясьняр імкнецца разьвязаць антыномію, як пагадзіць пакуты Беларусі з існаваньнем бога. Гэта супярэчнасьць паміж існаваньнем зла ў сьвеце і існаваньнем нейкай вышэйшай сілы мучыла шмат якіх поэтаў і пісьменьнікаў. Байрон, Лермантаў, Дастаеўскі, Славацкі і інш. зьяўляюцца папярэднінікамі беларускага песьняра ў дадзеных адносінах, але орыгінальнасьць Янкі Купалы заключаецца ў тым, што ён агульналюдзкую проблему разглядае ня ў роўніцы мэтафізычнай і моральнай, а ў роўніцы нацыянальнай. Немажлівасьць пагадзіць пакуты роднага народу і існаваньне бога прыводзіць песьняра на здаровы шлях рэлігійнага скэптыцызму, і ён канчае свой верш магутным закідам па адрасу бога.

У гэтым зборніку выяўляюцца рознастайныя соцыяльныя тэмы; тут мы знаходзім водгукі на падзеі імпэрыялістычнай бойні (песьні вайны), перапяваюцца мотывы беднасьці і заняпаду вёскі ў старыя часы.

Значна ўзбагачаецца лірыка асабовая; у ëй мы знаходзім новыя адценьні ў сьветапоглядзе поэты і яго адчуваньнях; агностыцызм гусьляра зьмяняецца тут бадзёрым рацыяналізмам; пад уплывам магутнай веры ў моц чалавечага розуму і навукі поэта стварае свой чароўны сонэт "Чаму?".

Няма для духу вольнага граніцы, меры,
Гдзе-б ён сягнуць ня сьмеў, гдзе-б ён ня ўзлунаў...

Яму да тайнаў душ і сэрц адкрыты дзьверы,
Ўсё тое спазнае, што бег сталецьцяў не спазнаў;
Як фэнікс з попелаў, узносіцца з канаў,
На дно якіх яго сьпіхаюць цемраў зьверы.

Магучы, векавечны, створан з сонц мільёнаў,—
Гром, пяруны ў руках трымаць, спыняць ня слаб,
Хоць-бы ў вагні кіпеў, ў віхрох марозаў зяб...

Эмоцыянальная лірыка поэты дасягае свайго кульмінацыйнага пункту ў пекным цыклі „Яна і я"; тут жанчына рысуецца ў ролі памоцніцы і супрацоўніцы чалавека на яго жыцьцёвым шляху; удзел жанчыны ў працы ўносяць сабой сьветлыя праменьні ў гаспадарчую дзейнасьць земляроба, прысутнасьць жанчыны асьвятляе і момант яго адпачыну, з ёй ён дзеліць свае супольныя радасьці і гора. Тут штодзенныя праявы сялянскага жыцьця, абагрэтыя прысутнасьцю "яе", узьведзены поэтай у дыямэнт стварэньня.

Апошні этап у мастацкім разьвіцьці беларускага песьняра ўяўляе сабой яго зборнік „Безназоўнае“. Тут мы ўжо знаходзім выразную спробу падыйсьці бліжэй да сучаснай савецкай дзейнасьці, тут ужо выразна выступаюць мотывы пролетарскай поэзіі, Янка Купала выяўляецца ў новай постаці песьняра Кастрычнікавай рэволюцыі. Мастацкі пэндзаль яго