шчай—няхай зьліваецца. Хоча быць самаістым—няхай будзе гэткім. Урэшці, хоча ён зусім ад ўсіх аддзяліцца і жыць на варунках зусім асобнае дзяржавы—бог з ім, няхай аддзяляецца“.[1]
Як украінскі нацыянальны рух, гэтак і ідэі Герцэна й Бакуніна, мажліва прадпалажыць, да некаторага стопня маглі зрабіць свой уплыў на Францышка Багушэвіча. Сам поэта, зазначаючы зьмену сваіх поглядаў на беларускую мову, тлумачыць гэтую зьмену жыцьцёвым вопытам і ўплывам кніжок; ён гавора: ״шмат дзе я быў, шмат чаго відзеў, і чытаў і праканаўся, што мова наша ёсьць такая־ж людзкая й панская, як і француская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая“.[2]
З жыцьцярысу Багушэвіча вядома, што ён доўгі час, як мы бачылі, жыў на Украіне; ёсьць весткі, што, жывучы там, беларускі пясьняр ״навучыўся надта добра гаварыць па ўкраінску і дасканальна пазнаёмыўся з народным ўкраінскім жыцьцём“.[3] Гэткія факты сьведчаць, што ў асобе Багушэвіча Украіна мела далёка ня звычайнага казённага ўрадоўца, а мела чалавека, які ўважліва прыглядаўся да акружаўшых яго формаў жыцьця. Мажліва, што пры гэткіх варунках і ідэолёгі ўкраінскага нацыянальнага руху, маглі зрабіць свой уплыў на нашага поэту. Што датыча да ўплыва на яго ідэй Гэрцэна й Бакуніна, то мажлівасьць гэтага ўплыва вынікае з таго факта, што Багушэвіч у пачатку 60 гадоў быў студэнтам Ленінградзкага Унівэрсітэту. А гэта, як вядома быў час, калі моцна гучэў ״Колокол“ Гэрцэна, калі студэнцтва, па словах проф. М. П. Пакроўскага, уяўляла сабой ״ніжэйшы слой Расійскага Рэволюцыйнага руху“.[4]
Вынікшая ў сувязі з пэўнымі соцыяльнымі ўплывамі жыцьця, канчальна сфармаваўшаяся, можна думаць, пад рознымі пабочнымі ўплывамі, ідэолёгія Багушэвіча па нацыянальнаму пытаньню носіць на сябе выразныя сьляды клясавай псыхолёгіі поэты. Шляхціц па пахаджэньню, бязлітасным ходам гісторыі выкінуты ў стракаты натоўп разначынцаў, Багушэвіч крыўна ўсё-ж такі зьвязаны з зваей клясай: сваім духоўным тварам ён зьвернуты да даўно мінулага, калі яго кляса была гаспадаром жыцьця. Шукаючы ў гэтым мінулым падставаў для сучаснага, поэта шырокім пэнзалям, з вялікім захапленьнем, малюе нам вялікадзяржаўнасьць Літвы. ״Ужо больш, як пяцьсот гадоў таму, піша ён ў сваёй ״Прадмове“, да панаваньня князя Вітэніса на Літве, Беларусь разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх напасьцяў, і шмат местаў, як Полацк, прызнавалі над сабой панаваньне князёў Літоўскіх, а пасьля Вітэніса, Літоўскі князь Гэдымін злучыў зусім Беларусь з Літвой ў адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседзяў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ўжо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмна; ад Каменца-места аж да Вязьмы,—у сярэдзіне Вялікаросіі, ад Дынабургу і за Крамянчык, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэсе, была наша зямліца—Беларусь“.
Як зачарованы рыцар, праспаўшы целыя стагодзьдзі, Багушэвіч і пад сьвіст фабрычных гудкоў ўсё яшчэ марыць а сваёй пекнай даме сэрца — Беларусі даўно мінулага, забываючы, што кола гісторыі ня можна зьвярнуць назад.
Але побач з бязгрунтоўнай романтыкай мінулага ў ідэолёгіі Багушэвіча па нацыянальнаму пытаньню ёсьць безумоўна й здаровыя элемэнты. Поэта не замыкаецца ў вузкае кола толькі нацыянальнаных ідэй. Ён пад нацыянальнае пытаньне падводзіць шырокі соцыяльны базіс,