Ня цяжка ў гэтым вершы заўважыць аўтабіографічную аснову: поэта сам бадзяўся на чужыне, доўгі час жыў на багатай Украіне, але відаць заўжды яго цягнула з зямлі ўраждайнай на сваю бяднейшую, але за то родную і любую сэрцу зямельку — Беларусь, і апошні прытулак ён знайшоў у роднай Ашмяншчыне.
Сам гэтак моцна адчуваючы сувязь з роднай зямелькай, Багушэвіч абураецца супроць рэнэгатаў, адшчапенцаў ад роднай глебы. Помнік гэтага абурэньня—верш ״Калыханка“. Тут малюецца вобраз сялянкі, якая над калыскай сына марыць аб яго долі. Перад ёй разгарнаюцца розныя малюнкі мажлівай будучыны дзіцёнка, паўстае думка, што можа ён зробіцца калі панам; спачатку гэта пэрспэктыва зачароўвае маці, але потым яна з ненавісьцю адхіляе гэткую мажлівасьць, пры мысьлі, што панства зьвязана з прыгнечаньнем другіх і рэнэгацтвам, адмовай ад роднага. Маці ў сваей калыханцы сьпявае:
Можа будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам:
Людцаў божых будзеш біці,
Цяжка будзе ў сьвеце жыці;
Будуць клясьці, як ліхога,
Прасіць сьмертухны ад бога…
Тады матка прыдзе ў госьці,—
Сын выкіне стары косьці;
Жабруючы пойдзе ў вёску,
Будзе прасіць матку боску,
Каб забыцца ёй аб сыне,
Каб ня ведаць, дзе ён згіне“.[1]
Беларускі народ, згубіўшы пачуцьце нацыянальнай сьвядомасьці, сымболічна прадстаўлены ў вершы: ״Хмаркі“. Хмаркі ня ведаюць, дзе яны радзіліся, дзе ״тутэйшымі“ называліся, гэтак і беларускі народ ня ведае сваей айчыны. У апошніх дзьвюх строфах верша мы знаходзім асабліва маляўнічы па форме і багаты па зьместу зварот поэты да хмарак:
Зямлі родненькай, знаць, няма у вас,
Ні углачка, ні прытулачку…
Лятучы сьлязой зямлю росіце,
А шумяць лісткі, зелянее лес;
Ўміраючы жыцьцё носіце;
Ўсяму жыцьцё, сабе толькі крэс.[2]
У вобразна-алегорычнай форме тут выражана глыбокая па сутнасьці думка: як хмаркі, праліваючыся дажджом і самі зьнікаючы, даюць жыцьцё зямле, гэтак і беларускі народ ў процэсе сваёй дэнацыяналізацыі ўзмацняе іншыя організмы: досыць успомніць тут Адама Міцкевіча, Сыракомлю, Дастаеўскага, і інш.—Гэтыя выдатныя гэніі, беларусы па пахаджэньню, аддалі свае сілы іншым культурам.
Гэткім чынам у творах Багушэвіча, прасякнутых нацыянальным пафасам, можна ўскрыць наступныя элемэнты—разумовыя і эмоцыянальныя:
а) ідэю нацыянальнага адраджэньня Беларусі, грунтуючуюся на гістарычным, этнографічным і псыхолёгічным довадах;
б) замілаваньне да роднага краю;
в) засмучэньне над нацыянальным сконам беларусаў;
г) абурэньне супроць рэнэгацтва;
д) романтыку мінулага.