Перайсці да зместу

Старонка:Піотуховіч Багушэвіч.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

засмучэньнем душы наш поэта зазначае: ״Якаясь маленькая Баўгарыя— са жменю таго народа—якіясь-ці харваты, чэхі, маларосы і другія пабратымцы нашыя і розныя чужыя жыды маюць па свойму пісаныя і друкаваныя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і сьмешныя, і сьлязныя, і гісторыйкі, і баечкі, і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як־бы захацеў цыдулку ці да бацькі—лісток напісаць па свойму, дык можа־б і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што піша па мужыцку і, як дурня, абсьмяялі-б“.[1]

Прадмова Багушэвіча па сутнасьці сваёй—твор публіцыстычны: яна пасьвечана абароне ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня і выяўленьню ўласнага credo аўтара па гэтаму пытаньню. Але ўжо і ў гэтай публіцыстыцы выяўляецца супраўдны поэта, які мысьліць вобразамі. У Багушэвіча часта ў гэтай прадмове можна канстатаваць імкненьне ня столькі лёгічна да конца разьвіць тое ці іншае паняцьце, колькі даць нам трапны і маляўнічы вобраз: поэта, як мы бачылі, прыводзіць, напрыклад, аналёгію паміж нацыянальным заняпадам народа, які губіць сваю мову, і сконам паасобнага індывідуума, якому мову займе перад сьмерцю; другі вобраз: ״у сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гаросе, была наша зямліца Беларусь“. Асабліва гэты нахіл да маляўнічасьці выяўляецца ў тым тлумачэньні, якое Багушэвіч дае слову "Беларусь"; ён ня робіць тут філёлёгічных досьледаў адносна пахаджэньня і супраўднага значэньня тэрміна, для яго больш паважным зьяўляецца і тут даць нам трапны вобраз: ״Спрадвеку, як наша зямелька, піша Багушэвіч, з Літвой злучылася, як і з Польшчай зьядналася дабравольна, дык усе яе ״Беларусіяй“ звалі і не дарма-жа гэта. Не вялікая, не малая, ня чырвоная, ня чорная яна была, а белая, чыстая: нікога ня біла, не падбівала, толькі баранілася“.[2]

Гэткім чынам мы бачым, што ў ״Прадмове“ Багушэвіча побач з элемэнтамі чыстай публіцыстыкі, ёсьць і некаторыя элемэнты мастацкасьці: поэта малюе тут вобразы, якія ў цэлым выяўляюць сваеасаблівую романтыку мінулага.

Погляды на нацыянальную беларускую справу, выказаныя ў "Прадмове“, Багушэвіч далей разьвівае і паглыбляе ў сваіх вершах. Па-першае ён узмацняе тут сваю позыцыю довадам псыхолёгічным. У вершы ״Мая хата“ поэта разьвівае думку а глыбокай органічнай сувязі, якая ўтвараецца паміж чалавекам і айчынай.

Хата, якую малюе беларускі пясьняр, гэта сымболь усей тагочаснай Беларусі з яе беднасьцю і разбурэньнем.

Бедная-ж мая хатка расьселася з краю,—
Між пяскоў, каменьняў, ля самага гаю,
Ля самага бору, на беражку лесу,
Кепска-ж мая хатка: падваліна згніла,
І дымна, і зімна, а мне яна міла.

І далей поэта сьведчыць, што ён ня зьменіць гэтай хаты, гэтай роднай айчыны на іншую, хоць־бы і багацейшую.

Сваталі-ж мне ў прымы ў новую хату.
На зямлю ўраджайную і дзеўку багату,
Я ня кіну хаты, хоць вы мяне рэжце,
Не пайду да вас я, хіба ў арэшце.
А хоць сілай, нават адарвалі-б з дому,
Калісьці вярнуўся-б, як мядзьведзь да лому,
Заваліцца хата, зарастуць пакосы, —
Усё-б я вярнуўся, хоць голы ды босы.

[3]

  1. Ibid.
  2. Ibid., стар. 8.
  3. Ibid., стар. 20.