Старонка:Піотуховіч Багушэвіч.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вось кароткія асадкі жыцьця Багушэвіча, якія можна ўстанавіць па маючыхся надрукаваных матар'ялах.[1]

Гэтыя матар‘ялы ўяўляюць сабой хутчэй паслужбовы сьпіс поэты, а не біографію яго ва ўласным сэнсе. Шмат вельмі цікавых пытаньняў, зьвязаных з асобай поэты, застаецца для нас адчыненым. Ядынай крыніцай для характарыстыкі ідэолёгіі аўтара і яго моральнага вобліка ў цэлым застаецца ў нас у дадзеным выпадку літаратурная спадчына беларускага песьняра.

Некаторыя творы Багушэвіча да гэтай пары яшчэ захоўваюцца ў рукапісах, напр. ״Беларуская скрыпачка“ (знаходзіцца ў Б. І. Эпімах- Шыпілы, у Ленінградзе). З надрукаваных твораў бясспрэчна самымі выдатнымі і галоўнымі зьяўляюцца два зборнікі вершаў: ״Дудка Беларуская״ (Кракаў, 1891; было 5 выданьняў) і ״Смык Беларускі״ (Познань, 1894, было 4 выданьні). Апроч таго, у ״Нашай Ніве“ за 1907 г. надрукована некалькі прозаічных апавяданьняў Багушэвіча: ״Сьведка* (№ 9), ״Палясоўшчык“ (№ 10), ״Дзядзіча“ (№ 25). З больш дробных твораў можна яшчэ зазначыць надрукаваны ў ״Варце“, 1918 г., №1, стар. 15-16 і паўтораны ў выданьні ״Часопісь“, 1920 г., № 2 верш ״Ясьне Вяльможнай Пані Арэшчысе“ (для альбома Оржэшкавай). З імем Багушэвіча злучаюць яшчэ два маленькіх творы: невялічкае апавяданьне ў прозе ״Tralalonaczka“ (Krakow, 1892) і напісанае ў форме проклямацыі апавяданьне а зачыненьні касьцела ў Крожах у 1893 г., але пэуных вестак а прыналежнасьці гэтых твораў Багушэвічу ня маецца[2].

Мы спынімся, галоўным чынам, на разглядзе твораў, зьмешчаных у зборніках ״Дудка беларуская“ і ״Смык беларускі“, бо гэтыя творы вызначаюцца вялікімі вартасьцямі і з боку ідэёвага, і з боку мастацкага; імі выключна азначаецца творчая постаць поэты; іншыя творы яго—гэта драбніцы, літаратурныя бязьдзелкі.

Характар сваей музы сам поэта вельмі траппа зазначае ў вершы ״Мая дудка“, якім адчыняецца першы зборнік яго твораў. Гэты уступны верш—прэлюдыя, у якой ужо моцна гучаць агульныя акорды сымфоніі; бадзёрае allegro тут сумна абрываецца душу шчэмячым adagio... у сваёй прэлюдыі з пачатку поэта выказвае замер наладзіць сваю ліру на вясёлы мажорны тон; зварачаючыся да сваёй дудкі ён гавора:

״Заграй так вясёла,
Каб ўсе ў кола,
Узяўшыся ў бокі
Ды пайшлі ў скокі,
Як віхор ў полі,״

[3]

Але дудка ня слухае песьняра: з яе вылятаюць мінорныя гукі енку; поэта праконваецца, што яму трэба ўзяць другі лад:

״Енчыш бяз умолку.
Не, ня будзе толку.
Кіну-ж дудку тую,
А зраблю другую.
Цяпер зраблю дудку
Ад жалю, ад смутку.
Га. Зраблю־ж другую
Жалейку смутную,—
Ды каб так заграла,
Каб зямля стагнала,
От каб як заграла:
Каб сьлязьмі прабрала,
Каб аж было жутка,
От-то мая дудка.

  1. Максім Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Карский. Белоруссы. Т. ІІІ вып. 3. Петроград, 1922 г.
  2. Карский. Белоруссы. Т. III, вып. 3, стар. 194-195.
  3. Дудка белар. Менск, 1922, стар. 9-10.