Перайсці да зместу

Старонка:Піотуховіч Багушэвіч.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Францышак Багушэвіч у гісторыі беларускае літаратуры займае асабліва выдатнае і пачэснае месца. Творчасьць поэты становіць сабой зваротны момант у разьвіцьці беларускай грамадзянскай думкі і, апроч таго, уяўляе сабой значныя, чыста мастацкія дасягненьні. Ідэёвы бок літаратурнай спадчыны Багушэвіча асабліва зварачае на сябе ўвагу ў наш час, калі пад сьцягам пролетарскай рэволюцыі закладаюцца моцныя падваліны культурна-нацыянальнага і соцыяльнага адраджэньня Беларусі. У думках Багушэвіча, песьняра гэтага адраджэньня, можна выявіць першапачатковае зараджэньне, так сказаць, эмбрыон тых ідэалаў, якія зьяўляюцца баявым лёзунгам сёнешняга дню. Так пытаньне а Багушэвічу набывае для нас ня толькі гістарычнае, але і сьцісла актуальнае значэньне.

На правялікую жаль, ня гледзячы на ўсю вялізарнасьць гэтага значэньня, мы стаім перад фактам амаль-што поўнай адсутнасьці біографічных і ўсялякіх іншых матар‘ялаў, патрэбных для об'ектыўнага высьвятленьня асобы поэты і яго творчасьці. У дадзеным пытаньні, як і, наогул, у вобласьці беларускага пісьменства, дасьледчым плугам прыходзіцца пахаць амаль-што зусім ня гораную глебу, узьнімаць сьвежую цаліну. Зразумела, што пры гэткіх варунках адчыняецца шырокая мажлівасьць гіпотэтычных пабудоў. Магчыма, што і наша першая спроба больш-менш навукова падыйсьці да пытаньня а Багушэвічу ня будзе пазбаўлена элемэнта гіпотэтычнасьці ў некаторых выпадках. Але падтрымліваньнем нам служыць думка, што гіпотэзамі пасоўваецца наперад усякая навука; тым болей ня зьбегнуць іх маладой навуцы гісторыі беларускае літаратуры.

З пачатку некалькі слоў а жыцьці поэты.

Дробны шляхціц па пахаджэньню, нарадзіўшыся ў 1840 г. у Ашмяншчыне, на Віленшчыне, Францышак Багушэвіч праходзіць навуку спачатку ў Вільні, а потым у Ленінградзе, на фізычна-матэматычным факультэце унівэрсытэта. Польскае паўстаньне 1863 г. застае яго народным настаўнікам у роднай Ашмяншчыне. Багушэвіч прымае актыўны ўдзел у паўстаньні, сур'ёзная рана ў нагу пагражае яму сьмерцю, але адзін селянін выратоўвае яго. Відаць, з мэтай замесьці свае сьляды паўстанца, Багушэвіч кідаецца на Ўкраіну, і там, у Нежынскім Юрыдычным ліцэю атрымлівае закончаную вышэйшую асьвету. Цягнуцца потым доўгія годы службовай працы з пачатку ў Канатопе, у якасьці сьледчага, а потым у Вільні, у якасьці адваката. У 1900 г. ён у роднай Ашмяншчыне знаходзіць сабе апошні і адвечны прытулак.