Старонка:Піотуховіч Багушэвіч.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Зноў трапным падборам драбніц поэта дасягае тут колёрытнай маляўнічасьці.

Апроч зазначаных мастацкіх прыёмаў, у поэтыцы беларускага песьняра можна зазначыць цэлы шэраг мастацкіх асаблівасьцяй, якія цесна, органічна зьвязаны з яго ідэолёгіяй...

Народнік па пераважнасьці, Багушэвіч відаць цікавіўся ня толькі народным побытам, соцыяльнымі варункамі сялянскага жыцьця, яго вабіла да сябе народная душа.

Апісваючы тыя ці іншыя жыцьцёвыя зьявы, поэта імкнецца паглядзець на гэтыя зьявы вачмі селяніна, ён становіцца на сялянскі пункт погляду, падрабляецца пад неродны тон. Адсюль вынікаюць прыёмы сказа і адзіўленьня (остранения) ў творчасьці Багушэвіча.

Поэта вельмі часта вядзе апавяданьне не ад сябе, а ад асобы свайго выдуманага гэроя; ён як-бы імкнецца старанна захаваць сваё інтэлігэнцкее ״я“ і выявіць "я“ народнае... На гэтай манеры сказа пабудаваны творы: ״Хрэзьбіны Мацюка״ (апавяданьне а гвалтоўных наварачаваньнях вуніятаў ў праваслаўную веру) ״Кепска будзе“, ״У вастрозе", "Быў ў чыстцы״ і інш.

Апавядаючы тую ці іншую падзею ад асобы селяніна, гледзячы на яе народнымі вачыма, поэта часам малюе гэтую падзею, як нешта вельмі дзіўнае, мала зразумелае. На гэтым прыёме адзіўленьня пабудованы творы ״У судзе“, ״Панскае ігрышча“ і інш.

Поэта гэткім чынам як-бы імкнецца зьліцца з народнай душой, растварыць сваё "я“ у народнай стыхіі.

Асабліва прынаднай была, відаць, для поэты, беларуская народная творчасьць—гэты найбольш яскравы выраз народнай душы. Поэтыка Багушэвіча ў некаторых адносінах носіць на сябе сьляды народнай поэтыкі. Напр., яго ״Песьні“ вытрыманы ў стылю і духу народнай песьні. Так ״Калыханка“, зьмешчаная у гэтым цыклю, па сваёй композыцыі і агульнаму характару напамінае народныя калыскавыя песьні. Вобраз удавы, яе задумленьне над лёсам дзяцей, увасабленьне адцягненых паняцьцяў, паралелізмы, ужываньне ласкальных і памяншальных іменьняў—усе гэтыя малюнкі і прыёмы, якія знаходзяцца ў песьнях Багушэвіча, добра знаёмы нам з народнай творчасьці. Нават самы гумар поэты напамінае сабой мягкія і дабрадушныя кпіны беларускага селяніна. Часам заўважаецца тут і падабенства ў адносінах тэматыкі: сьмех над узаснай беднасьцю і многасямейнасьцю, вывядзеньне ў ролі комічных пэрсанажаў жывёл, птушак і казявак,—ўсё гэтыя вядомыя мотывы беларускай народней гумарыстыкі сустракаюцца і ў ״песьнях“ Багушэвіча.

Захоплівае поэту і сьвет народнай фантастыкі, забабонаў. У доўгім творы ״Хцівец і скарб на сьвятога Яна“ перад намі выступаюць усе дзівы купальскай ночы, з яе кветкай папараці, шуканьнямі скарбу, чартоўшчынай і іншымі нязьменнымі прыналежнасьцямі народнага вымыслу.

Часам поэта даець нам апрацоўку агульна людзкіх сужэтаў. На гэткіх сужэтах пабудованы яго ״Баляда“ і ״Быў ў чыстцы“. ״Баляда“ Багушэвіча рагарнаецца на падставе легендарнага сужэту а прадажы душы д‘ябалу. Жыцьцё Васілія Кесарыйскага, жыцьцё Фэафіла, сярэднявяковыя легенды аб Фаусьце і інш.,—вось далёкія літаратурныя продкі нашай ״Баляды". У доўгую гісторыю мастацкага апрацаваньня яе легендарнага сужэту побач з іменьнмі Марло, Лесінга, Гётэ, Ленаў, і інш. ўпісаў свае скромнае імя і беларускі поэта. Але ў самай трактоўцы гэтага сужэта Багушэвіч застаецца пэўным сабе: ён пераносіць яго ў сялянскую абстаноўку і дае яму соцыяльную афарбоўку. У беларускага поэты матывам запрадажы душы д‘ябалу служыць ня слава, не каханьне і ня веда—а жаданьне вызваліцца ад соцыяльных злыдняў; гаротны селянін разважае у ״Балядзе“: