Старонка:Піотуховіч Багушэвіч.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дробна-буржуазнай інтэлігэнцыі. Уласьне інтэлігэнтнасьць і рабіла яго рэволюцыйным. Дробная буржуазія, якая па меры разьвіцьця капіталізму разбурваецца, пераварачваецца ў пролетарыят (рэформа 19 лютага разбурыла, паміж іншым, якраз дробных земляўласьнікаў, валадаўшых дзесяткамі душ, каторым выкупная сума не дала капіталу на ўтварэньне новай гаспадаркі, і толькі іх) звычайна не здаволена, абурана, мармоча, бурчыць але яе абурэньне, не заўжды накіроўваецца па належнаму шляху“.[1]

Абурэньне Багушэвіча гэтак сама не заўжды зьўляецца пакіраваным мэтазгодна: ён часам кідае свой погляд не наперад, а назад, у глыб даўно мінулага, у яго няма супраўднай рэволюцыйнасьці з яе верай ў моц не вярхоў, а працоўных нізоў грамадзянства, якія самі зьяўляюцца кавалямі свайго шчасьця.

Але, ня гледзячы на сваю дробна-буржуазную прыроду, ідэолёгія Багушэвіча бязумоўна мае вялізнае значэньне ў гісторыі беларускай грамадзянскай думкі, становячы сабой першы этап сьвядомага беларускага адраджэньня, даючы імпульсы творчасьці наступных беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў.

Значэньне ідэолёгіі Багушэвіча яшчэ больш павялічваецца ад таго што яна выражана ня ў форме сухой публіцыстыкі, а ў высока мастацкай, поэтычнай форме. Наш поэта займае ў беларускім пісьменстве выдатнае мейсца ня толькі як выразьнік пэўных грамадзянскіх ідэалаў але і як поэта, зрабіўшы значныя чыста эстэтычныя дасягненьні.

Формальныя прыёмы творчасьці ў Багушэвіча досыць разнастайны. Вышэй мы ўжо заўважылі, што нават ў ״Прадмове“, празаічнай ня толькі па форме, але і па сутнасьці, публіцыстычныя заданьні Багушэвіч падчыняе заданьням мастацкім, малюючы нам колёрытныя вобразы. У вершах поэты вобразнасьць узрастае, пры чым вельмі часта вобразу ім надаецца шырока сымболічнае значэньне. Адпраўляючыся ад простага і рэальнага факта, поэта пашырае асадкі гэтага факта, надаючы яму характар сымбаля. На гэткім прыёме пабудаваны творы ״Мая хатка״, ״Хмаркі“, ״Калыханка“ і інш. Хата, якую рысуе Багушэвіч, гэта вобраз ўсёй Беларусі—беднай, разбуранай, але любай сэрцу поэты; хмаркі—гэта сымболь усяго беларускага народу, згубіўшага пачуцьце нацыянальнай сьвядомасьці; сялянка ў ״Калыханцы"—гэта маці-Беларусь, якая аплаківае сваю гаротную долю маткі бяз сыноў. З трапнай вобразнасьцю поэта злучае значную згушчонасьць думкі і, апроч таго, уменьне некалькімі штрыхамі, часта вельмі дробнымі, даць конкрэтнае ўяўленьне. Напр., у творы "Кепска будзе״, у малюнку выпытаў, рысуючы ״судзебніка маладзельнага“, поэта падкрэсьлівае адну дэталь пра яго:

Ўсё пытаецца ды піша.
І, нагой ўсё калыша.

У другі раз далей гэтая драбніца паўтараецца:

Усё піша, піша, піша,
І нагой ўсё калыша.

[2]

Гэта маленькая дэталь яскрава рысуе нам увесь бяздушны формалізм казённага урадоўца, яго роўнадушнасьць да лёса вясковага хлопчука. Другі прыклад: у тым-жа творы даецца малюнак турмы:

Дзьверы, дзьверы, ў дзьверах дзюрка,
І ў каждай-жа хвігурка,
Як־бы тая־ж выглядзе.
Дзе ня глянеш, усё־ж тая:
Блішчаць вочы, твар, як гліна,
І абросшы, як скаціна.

  1. Русская история в самом сжатом очерке Изд. 1921 г , стр 186
  2. Дудка беларуская, 48 стар