Старонка:Піотуховіч Багушэвіч.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яе дробных абразкоў граюць ролю толькі ілюстрацый да яго соцыяльных мотываў.

Другая крыніца натхненьня—жанчына і каханьне—ў творчасьці вялізарнай масы мастакоў грае ролю пераважнага фактара. На гэтай падставе навет вынікла тэорыя эстэтычнага эроса, выказаная ўжо даўно— яшчэ нямецкімі романтыкамі—Цікам і Новалісам і ў наш час разьвітая ў працах цэлага шэрагу псыхолёгаў, псыхіатраў, фызыолёгаў і гісторыкаў мастацтва.[1] Дантэ і Беатрычэ, Петрарка і Лаўра, Бальзак і Ганская, Тургенеў, і Віардо і інш.—яны як־бы цьвердзяць думку а цеснай сувязі мастацтва і эмоцыі каханьня. Творчасьць беларускага поэты ўяўляе сабой адмоўную інстанцыю да тэорыі эстэтычнага эроса. Das ewig we bliche, адвечна жаночае, адсутнічае ў гэтай творчасьці. Багушэвіч—гэта беларускі Стрынберг ў мініатуры. Жанчына для яго гэта не прадмет усхваленьня, а об‘ект досыць жоўчнай сатыры; напр., у творы: ״Быў ў чыстцы“, малюючы сваё вандраваньне па затруннаму сьвету, поэта робіць гэткі сатырычны выпад супроць жанчыны:

А што баб і дзявок—сказаць так—
Ў трое больш, як мужчын, ёсьць на лік,
Хто за што, а як баб, дык найбольш за язык.
Языкі—даўжыны так, як добры ручнік.
Іх і паляць смалой і нажамі скрабуць,
І ніяк да бяла пріпаліць не магуць.
Надта шмат маладых, што дурылі мужоў
Чараўніцаў і зводняў старых...

[2]

Далей надзвычайна характэрным зьяўляецца той факт, што з ўсяго вялікага багацьця беларускіх казак Багушэвіч для ўласнай мастацкай апрацоўкі выбраў толькі адну—״Чорт і баба“,—гэтую дзікую адрыжку сярэднявяковых легэнд а благіх жанчынах,—дзе праводзіцца думка, што баба хітрэйшая за чорта: ей удаецца пасварыць чалавека с жонкай, што не ўдавалася самому д'ябалу.

На ліры беларускага поэты моцна гучэлі такім чынам толькі струны грамадзянскага абурэньня, для іншых больш пяшчотных мэлёдый гэта ліра была глуха. Ня ў постаці пекнай і прыгожай дзяўчыны з вянком на галаве, з пахучымі кветкамі ў руках прадстае прад намі муза поэты, а ў постаці нейкай схымніцы, дабраахвотна ўспрыняўшай на сябе вялікі ўчынак апяяньня народнага гора. Ад творчасьці Багушэвіча павевае нейкім духам мастацкага аскэтызма. У гэтых адносінах беларускі пясьняр вельмі падобны да расійскага народніка Глеба Усьпенскага, схэма якога гэтак сама была свайго рода схымай. У нас, праўда, няма фактаў, якія-б сьведчылі а бесьпасярэднім ўплыве аднаго пісьменьніка на другога, але і бяз гэтых фактаў падабенства іх суровай музы лёгка зразумець: Глеб Усьпенскі й Багушэвіч жылі ў аднальковых соцыяльных умовах, абодва яны былі дзеці эпохі, калі ўся увага была зьвернута на ядыны об‘ект, якім быў народ і яго доля; абодва яны былі па сваей клясавай прыналежнасьці разначынцы, бязьлітасным ходам гісторыі адкінутыя ад банкетнага стала жыцьця і прымушаныя змагацца за кавалак хлеба, а не прадавацца панскаму эстэтызму.

На падставе аднальковай клясавай псыхолёгіі Багушэвіча з народніцкім рухам зьвязвае яшчэ адна рыса— ״Тэорыя крытычна-мысьлячай асобы“. Падобна Лаўрову, Багушэвіч высока ставіць інтэлігэнцыю, як фактор прогрэса і цывілізацыі. У сваім вершы ״Ня цурайся" поэта ў вусны селяніна ўкладае просьбу да паніча прыйсьці яму на дапамогу:

  1. Грузенберг. Психология творчества. Минск, 1923 г., стр. 112.
  2. Op. cit. стар. 55.