Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Па галоўных мотывах, якія пануюць у "Жалейцы", Янка Купала прыбліжаецца да народнікаў: пераважным об'ектам яго творчасьці зьяўляецца веска, народ. Але паміж ім і народнікамі ранейшага часу ёсьць значная розьніца. Як вядома, для народнікаў характэрнай зьяўляецца іх вера ў інтэлігенцыю. На падставе тэорыі крытычна мысьлячай асобы Лаўрова яны лічылі, што інтэлігэнцыя - гэта галоўны фактар культуры і прогрэсу, гэта соль зямлі. Беларускі пясьняр, вышаўшы з гушч працоўных мас, перажыўшы рэволюцыю 1905 году, далёкі ад гэтай ілюзыі. У яго вершы „Песенька для некаторых маладых людзей" выразна выяўляюцца крытычныя адносіны да інтэлігенцыі; тут выступаюць тыпы інтэлігэнтаў, так сказаць, высокай кваліфікацыі - доктар, адвакат, інжынэр, судзьдзя. Для ўсіх іх характерна тое, што яны, па думцы поэты, рана губляюць свой юнацкі ідэалізм і хутка зацягваюцца жыцьцёвым брудам пошласьці, павялічваючы сабой толькі кадры дармаедаў, якія эксплуатуюць працоўны люд. Поэта гаворыць:

Людзей маладых у нас дужа вучоных
Цяпер надта шмат разьвялося,
Праўд нейкіх шукаюць на сьвеце нясьнёных,
Над бедным з іх кожны галосе,
Да працы да роўнай, да волі шырокай
Ахвочы крычаці, ўзываці.

Але гэты юнацкі парыў увысь ідэалу, рысуе поэта, адцьвітае, не пасьпеўшы расквеціцца: доктар бярэ з беднякоў рублі і паўрублёўкі, інжынэр будуе турму, вастрогі, судзьдзя асуджае на катаргу галодных людзей і г. д.

Гэтак у "Жалейцы" Янка Купала выступае як народнік, але народнік suі generіs, пазбаўлены некаторых ілюзій народніцтва. І адначасна беларускі пясьняр перажывае трагедыю ўсіх народнікаў; яго вабіць да сябе цэльнасьць сялянскай душы, прастата і нескладанасьць вясковага жыцьця, у абмежаванасьці патрэбаў ён імкнецца знайсьці задавальненьне. Некалькі разоў поэта малюе нам просты ідэал сялянскага жыцьця, які зводзіцца к сытасьці і матар'яльнаму дабрабыту:

Трэба нам, трэба, як ласкі з неба,
Лепшы даўжэйшы зямелькі шнурок,
Сытай скацінкі, новай хацінкі,
Каб красаваўся пры хатцы садок.
На сьвята скварку, часам і чарку.
Булкі і сыра гасьцей частаваць,
Цэлы адзетак, ксёнжак для дзетак.
("Чаго нам трэба").

Той-жа ідэал сялянскага жыцьця малюецца ў вершы "Як пайду я, пайду" і ў творы "Адплата каханьня" (сон Янкі). У дадзеных выпадках Купала як-бы зьліваецца з народнай душой, імкнецца паглядзець на жыцьцё вачыма селяніна; гэта свайго рода апрашчэньне ў думках; але яно не ўдаецца поэту. Сам ён далёка адышоў ад беспасяреднага сялянскага жыцьця, сам ён страціў цэльнасьць народнага сьветаадчуваньня, захоплены глыбокім і цяжкім задумленьнем, рэфлексыяй. Гэта рэфлексыя далёка адводзіць яго ад сялянскага прымітыву і тады ён кажа:

І шчасьце дым, і праўда дым.

Вельмі часта поэта аглядае жыцьцёвыя ідэалы sub specіe aeternіtatіs. У вершы "Сьцёпка Жук" ускрыта трагедыя жыцьця наогул: ба-