Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сутнасьць перажываньняў Лабановіча—конфлікт розума і волі; Лабановіч прадстае перад намі ў дваістай постаці Гамлета і Дон-Кіхота. Гэрою не даюць супакою трывожныя думкі аб сэнсе жыцьця, аб назначэньні чалавека, аб сьмерці і г. д. З другога боку, ён імкнецца ажыцьцявіць сваю чалавечую вартасьць, ён жыве напружаным валявым жыцьцём, імкнучыся разьвіць пэдагогічную і грамадзкую дзейнасьць. Паколькі мы маем толькі першую частку апавяданьня, у ей толькі намечана, але канчальна не дадзена разьвязка конфлікта.

Затое мы маем гэтую разьвязку ў іншых творах пісьменьніка―творах пазьнейшага часу.

"Сымон музыка", гэты, па нашай думцы, самы выдатны твор Якуба Коласа, ужо паказвае сабой перамогу сьвятла; цені адыходзяць у прошласьць, сьветаадчуваньне поэты набывае новы жыцьцерадасны характар. "Сымон музыка“ у апошняй рэдакцыі ― гэта бадзеры гымн у славу жыцьця і яго радасьцяй. У іншым асьвятленьні прадстае тут самая прырода Белурусі; гэта ўжо ня край пакуты, дзе ўглядаецца толькі від палёў благенькіх і чуюцца толькі нудныя мэледыі, — гэта край прыгажэйшы ў сьвеце. У трэцяй частцы "Сымона музыкі", якая напісана ў канцы 1917 году, мы знаходзім такі зварот да Беларусь, поўны вышэйшага энтузіязму і захапленьня:

О, край родны, край прыгожы,
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей ёсьць у сьвеце божым
Гэтых сьветлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе лясы-бары гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць?!
Гэтых гмахаў безгранічных,
Балатоў тваіх, вазёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор:
Дзе ўвосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цьвітуць,
І шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?..

Пекна ня толькі прырода, прыгожы перажываньні чалавека. Думка чалавека ўжо прадстае перад поэтай не ў сваім трагічным выглядзе бездапаможнасьці і бясплоднага гібеньня: песьняра чаруе арліны палёт мысьлі, яе бязьмежнасьць і моцнасьць, як насільніцы праўды. Яго Сымон, гэты скромны вясковы падростак, кідае ў вочы князю сьмелыя словы:

Князь ня мае волі ўлады
Вольнай думцы даць парады!
Думка ходзіць, дзе захоча:
Ад зямлі да зор і сонца
Няма думкам забаронцы.
Думка праўду кажа ў вочы
І вялікім і малому.