Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

душы селяніна. Поэта верыць у Беларусь; на скрыдлах гэтай веры ён часам падымаецца вышэй смутнай дзейснасьці, ён прадбачыць зару новага шчасьця, новага жыцьця. Поэта зазначае:

Не бядуй, што сьнег халодны
Скрые землю ад вачэй;
Не загіне край твой родны
У цемнаце ліхіх начэй.
Будзе час, і сьнег растане
Прыдзе к нам ізноў вясна,
Ціха з неба сонца гляне,
Ачуняе старана.

Вера поэты зьдзейсьнілася; працоўныя масы Беларусі скінулі з сябе ярмо падвойнага нацыянальнага і сацыяльнага ўціску і пачалі будаваць новае жыцьцё: старонка сапраўды ачуняла.

І вось, цяпер адчуваецца выразны пералом і ў настроях песьняра. Цені пачынаюць уступаць мейсца сьвятлу; праўда, не адразу адбылася перамога сьвятла; спачатку мы бачым змаганьне сьвятла і цені. Такое змаганьне, напрыклад, можна угледзіць у поэме "Новая зямля". Сам аўтар у апошнім разьдзеле поэмы зазначае, што яго твор ёсьць "жыцьця адбітак, разважаныя". У поэме, сапраўды, ёсьць элемэнт разважаньняў над жыцьцём, і гэтыя разважаньні прадстаўляюць сабою як-бы працяг тых думак, якія мы знайшлі ў лірычных вершах песьняра. У поэме "Новая зямля" заўважваецца пэўная дваістасьць настрояў. З аднаго боку, тут даюцца сьветлыя малюнкі прыроды; гэта прырода ужо скідае сваю жалобную вопратку і прадстае ў іншым асьвятленьні надзвычайнага хараства і прывабнасьці; поэма абмалёўвае нам поэзію сялянскай працы, яна выяўляе сьветлы пачатак псыхікі сялянскага бяднацтва з яго бадзёрасьцю і ўпартасьцю ў жыцьцëвым змаганьні. Але ў аснове твору ляжыць сумная канцэпцыя жыць. ця, якая прадстаўляе сабой як-бы далейшы працяг тых развагаў поэты, якія выяўлены ім у вершы "Раздуме". У гэтым вершы, як мы бачылі вышэй, Якуб Колас выяўляе трагедыю мысьлі і трагедыю хараства, трагедыю інтэлектуальнай і эмоцыянальнай стараны жыцьця. "Новая зямля" ускрывае трагедыю чалавечай волі. Гэроі поэмы імкнуцца да чагосьці лепшага, яны ўжо на парозе новага жыцьця, але ўмешваецца косьмічны фактар—сьмерць, якая кладзе мяжу імкненьням чалавека. Апошняя глава — сьмерць Міхала—ключ да разгадкі сэнсу ўсяго твора. Сваё апавяданьне аб упартым змаганьні сярмяжных гэрояў за жыцьцё аўтар канчае малюнкам сьмерці галоўнага пэрсанажу і сумным акордам горкага раздум'я аб гэтым нязьбежным для кожнага канцы:

Канец!.. Як проста гэта слова
І многазначна, заўжды нова!
Як часта мы пад крыжам мукі
У тамленьні духа ўзносім рукі
І вочы поўныя гарэньня,
І прагнем мігу вызваленьня.
шчасьлівы міг, бо палі путы!

Так у "Новай зямлі" жыцьцё прадстае перад намі ў сваім трагічным аспэкце.

У "Палескай глушы" аўтобіографічны вобраз Лабановіча як-бы падводзіць агульны вынік мінулым раздум'ям пісьменьніка аб жыцьці.