Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тэматычную сувязь з азначанымі вершамі мае твор „Дубы"; у гэтым вершы выяўляецца трагедыя фізычнай сілы. Дубы высокія і карананастыя вытрымлівалі барацьбу з ветрамі і навальніцамі, але ня вытрымалі яны барацьбы з чалавекам. І поэта зварачаецца да гэтых дрэваў з такімі словамі:

Эх, дубы, дубы! вякамі
Вы зьбіралі сілы,
Не звалодаў віхар з вамі,
Вас здалелі пілы.

Ашальмованы вам чолы,
Сьсечаны кароны,
І, пасеўшы на верх голы,
Там крычаць вароны.

Гэтак усё сільнае і моцнае нават падлягае агульнаму закону зьніштажэньня.

Як-бы сынтэтычны вывад з папярэдніх вершаў уяўляе сабою твор "Марава". Калі ўсё пекнае і высокае ў сьвеце так мімалётна і хутка бежна, то ці можна дасягнуць шчасьця на зямлі? Адказ дадзен пекным вобразам падарожніка ў пустэльні... Гарачы дзень; навокал пяскі; ніводнай расьліны; падарожнік пакутуе ад смагі. І вось перад ім разгарнаецца чароўны оазіс:

Падарожнаму здаецца,
Што крыніца там ліецца,
Хвалі ў радасьці пяюць.
Вось бліжэй, бліжэй расьліны;
Купы лозак і каліны
Акружаюць беражок;
А з зялёненькіх галінак,
З розных красак і травінак
Гожы сплецены вянок.

Але гэты оазіс толькі мана пачуцьцяў; згінула марава, навокал уся тая-ж гладзь пяскоў, усё тая-ж гарачыня. Калі паставіць верш "Марава" сувязь з папярэднімі творамі, то тут можна бачыць нешта вялікшае, чым зарысоўку звычайнай натуральнай зьявы. Падарожнік—гэта сымболь усяго чалавецтва; цярністы і камяністы шлях, па якому ідзе гэта чалавецтва; рэдкі хвіліны ўнутранога здавальненьня і шчасьця; шчасьце толькі фантасмагорыя, толькі марава.

Гэтак у "Водгульлі" мы знаходзім досыць зграбную сыстэму філёзофскага пэсымізму беларускага поэты. І чалавечая думка, і хараство, і каханьне—усе гэтыя вышэйшыя каштоўнасьці чалавечага жыцьця—прыцягнуты на суд халоднага і скептычнага розума, усё сабой разбурваючага і разлагаючага. Кінуты мрачны погляд на гісторыю, выказана горкае слова аб чалавечай прыродзе, зачеплена пытаньне аб сапраўдным шчасьці і яго недасяжнасьці.

Так на старонках раньніх твораў Якуба Коласа вырастаюць густыя цені смутку і нават пэсымізму. Але пэсымізы ніколі не даходзіў у нашага песьняра да роспачы, да адчаю. Быў адзін пункт, які ратаваў поэту ад абсолютнага пэсымізму; гэты пункт—вера ў працоўныя масы. Побач з лірычнымі вершамі Якуб Колас піша свае дробныя апавяданьні, дзе выяўляецца сьветлы пачатак сялянскай псыхікі. Мы, напрыклад, бачым, як у душы забітага і прыгнечанага селяніна цёмны інстынкт самазахаваньня ўступае мейсца сьветламу, чыста рыцарскаму пачуцьцю гонара ("Малады дубок"); бачым і іншыя высокія парываньні