Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Бацькам голад мне быў,
Гадаваў і карміў;
Бяда маткай была,
Праца сілу дала.
Хоць пагарду цярплю,
Мушу быць глух і нем,
Хоць сьвет хлебам кармлю,
Сам мякіначку ем.

|}

На гэтай тэме сялянскай беднасьці поэта спыняецца некалькі разоў і ў іншых вершах. Ён, напр., яскрава малюе нам вясковую хату; яна і старая і крывая, зьлепленая з аднаго гнільля з зялёным мохам на страсе, у ваконцы ўсяго дзьве шыбы і тыя з лучын, падлога выбіта з друзу, столь з драніц ("Мая хатка"). У вершы "Спрасоньня" перад намі зноў разгарнаецца малюнак сялянскага гора:

Пярун у хатку б'е крывую,
Пасевы нішча суш і град,
Авечку воўк задраў старую,
Скрыпіць ня мазан панарад,
Худзее жонка ў сьлёзах працы,
Трасе дзюравым каптаном.

Як-бы абагульняючы гэтыя малюнкі, поэта зазначае:

Жыцьцё нашае, нас бедных
Бяспрытомных мужыкоў,
Горш за ўсякага стварэньня,
За сабак і чарвякоў.

Гуманнае сэрца поэты, відаць, асабліва хваравіта адчувала беспрасьветную беднасьць, гэтую адвечную крыўду народнага жыцьця.

Але пясьняр ня толькі канстатуе факты беднасьці, ён паказвае нам прычыны ненармальнага соцыяльнага становішча беларускага селяніна. У дадзеных адносінах часам Янка Купала выяўляе востры аналіз ня столькі поэты, колькі палітэканамістага. Ён, напр., маляўніча рысуе нам, як выбіваюць з селяніна дадатковую вартасьць.

Пан за тваю працу
Нібы то й заплаце—
Знай плату з палацу;
Зьбярэш з ёй багацьця—
За гадзін семнаццаць
Трудоў у дзень нязьменных
Выйдзе грошай дваццаць
Або й таго меней.

Эксплёатацыя, такім чынам, галоўная прычына сялянскай беднасьці; адзін за другім праходзяць перад намі малюнкі соцыяльнага ўціску. Вось, напр, верш "Гоніш мяне, панічок"; гэта эмбрыон будучага "Раскіданага гнязда": тут поэта малюе нам, як пан выганяе селяніна з яго сялібы. Другі верш „Град" рысуе нам, як пан імкнецца скарыстаць нават няшчасьце мужыка... Селянін любуецца сваей нівай, яго цешыць надзея на добры ўраджай, выабражэньню рысуецца радасная пэрспэктыва дастатку і добрабыту, але стыхійныя сілы прыроды разбурваюць гэтыя надзеі—град і навальніца зьніштажаюць пасевы, гаспадар у няшчасьці ідзе да пана з просьбай пазычыць яму хлеба, але пан застаецца глухім да сялянскага гора, ён толькі за грошы згаджаецца на пазыку.