Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
Проф. М. М. Піотуховіч.

Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы.

("Жалейка", "Гусьляр").

Першы верш Янкі Купалы "Мужык" быў надрукаваны ў Менскай газэце "Северо-Западный Край" 15 мая 1905 г. Дваццацігодні юбілей літаратурнай дзейнасьці беларускага песьняра, гэткім чынам, супаў з дваццацілецьцем першай рэвалюцыі, і ў гэтым супадзеньні ёсьць свой глыбокі сэнс; яно не выпадковы факт, а выраз гістарычнай дынамікі ў яе законамернасьці.

Буралом першай рэвалюцыі глыбока ўскалыхнуў і ўзварушыў народнае беларускае мора; з глыбінь гэтага мора на шырокую паверхню жыцьця гістарычным працэсам выклікана было шмат талентаў самародкаў. Сярод іх першае мейсца належыць, бязумоўна, Янку Купале. Неспасрэдна ад сахі і плугу, з самых гушчаў працоўнага люду пераходзіць ён да літаратурнай чыннасьці.

Першы зборнік лірычных вершаў поэты "Жалейка" зьявіўся ў 1918 г. У дадзеным зборніку мы ўжо знаходзім эмбрыон галоўных мотываў творчасьці Янкі Купалы, тут ужо досыць выразна вызначаецца мастацкая постаць песьняра. Вось чаму для навуковага дасьледваньня поэзіі Купалы "Жалейка“, калі шукаць аналёгііі ў іншых літаратурах, мае такое-ж вялікае значэньне, як, напрыклад, ліцэйскія вершы Пушкіна.

У „Жалейцы" пераважаюць об'ектыўныя мотывы лірыкі. Янка Купала выступае тут, галоўным чынам, як назіральнік наўкольнага жыцьця. Герой зборніка—беларускі селянін; толькі адзін верш „Шавец" прысьвечаны тут дробнаму рамесьніку. Спыняючыся пераважна на вясковым жыцьці, поэта асабліва падрабязна распрацоўвае тэму сялянскай беднасьці, соцыяльныя злыдні беларускага селяніна абхоплены ім усебакова. Вось, напрыклад, якія сумныя песьні мужыка падслухаў ён:

Няма хлеба, няма солі,
Чужому рабі;
Няма шчасьця, няма долі.
Вот тут і жыві;
Вот зіма—мароз вялікі,—
Дровы ў Менск цягні;
Дзеткі зьмерзьлі, енкі, крыкі,—
Вот тут і жыві.
("З песьняў мужыцкіх").

У другім мейсцы ад асобы селяніна поэта гавора:

Я мужык беларус,—
Пан сахі і касы;
Цёмны сам, белы вус,
Пядзі дзьве валасы.