Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзеным зборніку імкненьне абхапіць усё жыцьцё чалавека ў цэлым, агледзіць гэта жыцьцё з вышыні ідэалу. Адсюль узьнікае ў лірыцы Янкі Купалы надзвычайна цікавы прыём схэматызацыі. Жыцьцё як-бы вылушчваецца з пэўных рамак побыту і разглядаецца пераважна, як філёзофская абстракцыя і катэгорыя. Так, напрыклад, у вершы "З песен жыцьця" абмалёўваецца ўсё жыцьцё чалавека ад калыскі да магілы; той-жа прыём мы бачым і ў вершы "Над калыскай“.

У нацыянальных мотывах лірыкі Янкі Купалы гэтак сама заўважваецца некаторы ўплыў рэфлексыі і цяжкога задумленьня. У дадзенай галіне мы часткаю знаходзім абразкі ў стылю і напрамку "Жалейкі": напрыклад, выяўляецца замілаваньне да айчыны, выказваецца пекная рамантыка мінулага, але і тут філёзофскі аналіз разбурвае гэту романтыку, і мінуўшчына Беларусі прадстае тады перад поэтай у сваім смутным выглядзе: Ён кажа:

Мы ня жылі, як жывуць людзі,
Гасьцінцам шчасьця не схадзілі,
Не зналі ўцехі нашы грудзі,
Вянкоў мы славы не насілі.
Мы ў паніжэньні, ў вечным трудзе,
3 днём кожным слабшія па сіле,
Бясцэльна па калючай грудзе
Блудзілі, горасна блудзілі.
(„Наша мінуўшчына").

Эстэтызм зьяўляўся для поэты адзіным кутком, у якім ён шукаў збаўленьня ад сваіх цяжкіх развагаў. Адсюль узьнікае, як мы бачылі вышэй, высокая роля песьні для мастака, адсюль у зборніку "Гусьляр" больш мейсца адводзіцца і прыродзе. У "Жалейцы" прырода пераважна прадстаўляе сабою фон, на якім разгарнаюцца розныя соцыяльныя малюнкі; у "Гусьляры" прырода зьяўляецца ўжо самастойнай крыніцай натхненьня песьняра. Янка Купала мастацкі абрысоувае нам розныя поры году; у гэтых зарысоўках ён узвышаецца да пекнай плястыкі вобразаў. Напрыклад, вясна выступае ў яго ў выглядзе прыгожай дзяўчыны:

У вянку з пралесак,
У сьветлянай шаце
Ходзе борам-лесам,
Полем, сенажацяй.
Сонцу-яснагрэю
Расплятае косы,
Раніцамі сеe,
Як брылянты, росы...
І усюдах гэтак―
Полем, сенажацяй,
У кароне з кветак,
У сьветлянай шаце:

Наогул, у зборніку "Гусьляр" вызначаецца трапная мэтафарычнасьць стылю. Мы сустракаем тут увасабленьні адцягненых павяцьцяў: думкі поэты плачуць, скачуць, сьпяваюць песенкі, год выступае, як жывая істота. Побач з тым у зборніку "Гусьлр“ разгарнаецца пекная сымболіка. Сонца, напрыклад, бярэцца, як шырокі сымболь ідэалу; такое-ж значэньне надаецца і зорам, сокал і вецер―гэта сымболі поэты і яго творчасьці; крыж―сымболь пакуты; хата―сымболь сялянства і ўсёй Беларусі. З дадзенай сымболікай злучаецца прыём алегорыі. Напрыклад, у вершы "Сон" поэта у алегорычнай форме малюе нам уласны стан душы: