Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я лесам шоў; якаясь змора
Вяла па ім мой сьпячы дух,
А лес быў цёмны, як дно мора,
Як мора дно быў нем і глух,
Я заблудзіў і страшна стала
Мне ў гэтай пушчы аднаму;
Ды бурай неба разгатала...
І ўздумаў я: памру вазьму!

І падобна таму, як Данте з цёмнага лесу блуканьняў выводзіць Віргілі, так і беларускага песьняра з яго цёмнага леса сумленьня выводзіць песьня. Настрой поэты істотна зьмяняецца пад уплывам песьні:

І дзіва! блуд і страх мой зломан:
Лес прасьвятлеў, загаманіў,
Мне стаў паняцен пушчы гоман...
Тут я збудзіўся, не дасьніў.

Мы сустракаем у Янкі Купалы і фігуры пераварочаньня. Напрыклад, у вершы "Шчасьлівасьць" поэта выражае такое жаданьне:

Мець-бы мне крыльля саколія,
Мець-бы мне волю зарніцаў,
К нізам не рваўся-б ніколі я,
З высі-б глядзеў на зямліцу.

Эпітэты "Гусьляра" ў параўнаньні з „Жалейкай", наадворот, параўнальна мала ўносяць новага; як і раней, яны вызначаюцца сваёй канкрэтнасьцю: месяц―лежабока (44) сонца―яснагрэйка (47); кусты калматыя (70); загоны шырокія (45); барозны роўныя і г. д.

Параўнаньні гэтак сама вызначаюцца конкрэтнасьцю; гэта пераважна роўнаступянёвыя параўнаньні. Напрыклад:

1) Як звон гусьляў звонкіх,
Як арол на скале,
Голас ваш свабодны,
Голас ваш, як сталь. (24)
2) Горда мур глядзеў
На зямлю, як леў. (61)
3) Як катух ля кур,
Дрэмле пусткай мур. (61)
4) Дажджу каплі, як сьлёзы, льлюцца. (71)
5) Гінем, як крыгі, у разводзьдзе. (73)

Толькі у двох выпадках сустракаем мы адступленьне ад гэтай звычайнай для Купалы сыстэмы роўнаступянёвых параўнаньняў. Мы маем наступнае ўсходзячае параўнаньне:

Шуміць пушча, шуміць важна
На усе староны,
Быццам хоча заглушыці
Ўсе няшчасных стоны;
Быццам хоча сказаць сьвету
Дзерава лясное,
Як ідзе несправядліва
Ў нас жыцьцё людзкое.