Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ціха ў пасьцелі ляжам жвіровай;
Крыж нам пастаўлюць белы, яловы,
Насып абложуць дзярнінкай;
Буры жыцьця мне слоў не скупілі;
Гэткі-ж спакой у цёмнай магіле,
Ды і з табою дзяўчынка!
("Дзяўчынцы").

Перад тварам сьмерці, перад гэтым жудасным малюнкам разбурэньня і зьніштажэньня поэта шукае паратунку ў мастацтве. У творах, дзе выяўляецца творчая самасьвядомасьць аўтара, заўважваецца больш бадзёры настрой.

У „Жалейцы" пераважна падкрэсьліваецца стыхійны характар творчасьці, у "Гусьляры" выяўляецца імкненьне філёзофскі асмысьліць задачы і мэты творчасьці. Поэзія прадстае перад Янкай Купалай, як вялікая калектыўная сіла. У вялікім захапленьні ад сузнаньня гэтай сілы поэта зазначае:

Моц сваю сьвету пакажам...
Зьдзіўляюцца старцы і дзеці:
Што знача песьня і сіла!
Што знача вельмі хацеці!
("Песьня і сіла").

Але песьня мае моц пры ўмове выразу ў ёй пэўнага ідэалу; поэта напружана шукае гэтага ідэалу; ён праясьняе свае задачы мастака; ён разьвязвае філёзофскія проблемы аб сутнасьці дзейснасьці і аб сэнсе гісторыі. Як-бы падводзячы агульны сынтэз гэтаму шуканьню ідэала, поэта гавора:

Сьцежку хутчэй ідэалу!
Квецься, палай, хараство
Куйся, зарнічная хвала,
Вечная радасьць, дабро.
("Жальцеся, жалкія струны")

Акрылены гэткім парывам да ідэалу, поэта адчувае сваю моц. Гэта ўжо не верабейка з-пад Гайны; выступаюць ужо іншыя вобразы, у якіх зазначаецца сутнасьць поэтычнага вобліку песьняра. Поэта, напрыклад, раўняе сябе з ветрам і сокалам, кажучы:

І вецер, і сокал, і я―
Сыны аднэй долі, жыцьця,
Наводзім маркотныя мы
І думы, песьні адны.
("І вецер, і сокал, і я").

Толькі ў імкненьні да сонца і зораў поэта знаходзіць сваё прызваньне. Прасякнутая вышэйшым ідэалам, песьня для яго прадстаўляе самае каштоўнае ў жыцьці; яна выводзіць поэту з жыцьцёвай тхлані („Сон“), песьня для яго вышэйшая ўцеха; яна, нарэшце, ня ўмірушча („Памяці Шаўчэнкі").

„Гусьляр“, такім чынам―пераважна філёзофскі зборнік. Тут вызначаецца спроба разабрацца ў розных пытаньнях чалавечага жыцьця, выяўляецца імкненьне асмысьліць задачы і мэты мастацтва.

Нахіл да філёзофскай рэфлексіі адбіваецца ў дадзеным зборніку і на об'ектыўных мотывах лірыкі песьняра. З аднаго боку, тут выступае яшчэ манера "Жалейкі": зарысоўваюцца паасобныя абразкі і малюнкі жыцьця, часта ўзятыя ў трагічным аспэкце. Але побач з гэтай старой манерай выяўляецца і новая. Янка Купала выражае ў да-