Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Для поэты, такім чынам, разгул хаоса, стыхійных сіл уяўляе caбой падставу космоса; князь-дух, разумны прынцып, ён сам на паваду ў хаоса, у стыхіі.

Думкі Янкі Купалы здалёка нагадуюць вядомыя мотывы поэзіі Цютчэва, які зьяўляецца пераважна песьняром хаоса, які, напрыклад, зварачаецца да ветра з такімі словамі:

О, страшных песен сих не пой
Про древний хаос, про родимый!
Как жадно мир души ночной
Внимает повести любимой!
Из смертной рвется он груди
И с беспредельным жаждет слиться.
О, бурь заснувших не буди,―
Под ними хаос шевелится.

Ідэя колазвароту рэчаў выяўлена ў Купалы ў вершы "За годам год", дзе зазначаецца:

За годам год, за родам род,
Што хвалі хмар, што песьні вод,
Па зьменах зьмен, на ўсход, на сход
За родам род, за годам год.
На ўсход, на сход ідзе-брыдзе.
У чарах-снах, у злыбядзе...
Канца ні ў чом, канца нідзе,
На ўсход, на сход брыдзе-ідзе.

Гэта ідэя колазварота рэчаў пашыраецца поэтай і на гісторыю; у гістарычнай дзейснасьці ён ня бачыць паступовасьці, а заўважае толькі кругаварот; у вершы пад тэй-жа назвай поэта кажа:

Нічога вечнага на сьвеце
Німа для сумнага жыцьця,
Здарэньня, многія сталецьця,
Ідуць пад века забыцьця.
Устае рой новых пакаленьняў;
Старыя сходзяць на той сьвет;
Нягодны ўнуку ўжо тварэньня,
Якія меў на ўслугах дзед.
Марнеюць сільныя народы;
Бяруць слабейшыя гару;
Ненавісьць, бітвы, непагоды
Туманяць радасьці зару.

Калі сьвет і гісторыя ― арэна зьніштажэньня, то сьмерць, значыць, адвечны ўладар жыцья. Думка поэты некалькі разоў зварачаецца да гэтай сумнай тэмы. У "Жалейцы" сьмерць рысуецца ў пэўнай соцыяльнай абстаноўцы, у "Гусьляры" яна пераважна бярэцца, як об'ект філезофскіх развагаў. Поэта з вялікім смуткам зазначае:

О, сьмерць, хто дзе цябе асіліў?
Ня ішоў, ня зьлёг пад курганом?
Ідуць усе, і я за ўсімі
Сыйду з нудой, бялой сваей.
Так цяжка жыць паміж жывымі!
У магіле будзе, мо' лягчэй.
(„На могілках").

Нават з каханьнем злучаецца ў поэты думка аб сьмерці, і сваёй дзяўчынцы ён гавора: