Старонка:Пятуховіч Замоцін Колас.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

3 рэволюцыяй істотна зьмяняецца сыстэма сьветаадчуваньня поэты. Беларусь, родны край, прадстае перад поэтай у новым асьвятленьні. Раней пясьняр бачыў у ёй толькі благенькія палі, толькі нудны воклік―бачыў вобразы пакуты і смутку. Наадварот, цяпер ён бачыць у ёй вобразы надзвычайнага прыгоства і радасьці. Якраз, пасьля Кастрычнікавай рэволюцыі, у канцы 1917 г. ў сваёй трэцяй частцы поэмы "Сымон Музыка" пясьняр зварачаецца да сваёй айчыны з такімі радаснымі словамі:

О, край родны, край прыгожы,
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей ёсьць у сьвеце божым
Гэтых сьветлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе лясы-бары гудуць.
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць?!
Гэтых гмахаў безгранічных,
Балатоў тваіх, вазёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных,
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цьвітуць.
І шляхом старым бярозы
Азначаюць гожа пуць?...

І раней, пры ўтварэньні песьняў жальбы, на Беларусі бруіліся срэбрам рэчкі, гудзелі лясы-бары, салодка пахлі мёдам грэчкі, але поэта як-бы не заўважваў усяго гэтага хараства; ён бачыў у Беларусі іншае, яго зрок быў прыкуты да сумных вобразаў. Так лішні раз пацьвярджаецца вядомая ісьціна, што жыцьцё азначае сьвядомасьць. Соцыяльная асярэдзіна і політычная дзейснасьць заўжды ўтвараюць для мастака сваеадменную прызму, у колер якой афарбоўваюцца праменьні жыцьця. Мы бачым, што новая соцыяльная асярэдзіна і рэволюцыйная дзейснасьць настройваюць музу поэты на іншы, больш бадзёры лад. Якуб Колас кідае ўжо песьні пакуты; ён гавора:

Змоўкні-жа, сьціхні, песьня пакуты,
Заварушыся, наш край!
Люд! Вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песьні сьпявай!

Гэтыя новыя песьні чуюцца ў пасьлярэволюцыйны пэрыод творчасьці Коласа. Поэта добра разумее, што новыя ідэалы соцыяльнага будаўніцтва трэба заваяваць, што шчасьце не даецца дарма, што трэба барацьба за гэта шчасьце. Так, думаецца нам, зусім органічна Якуб Колас падыходзіць да тэмаў барацьбы ў сваіх найноўшых творах. У такіх апавяданьнях, як "Сяргей Карага“, „Крывавы вір“, „Дачакаўся" і інш., пісьменьнік сьцісла падыходзіць да сучаснасьці, зарысоўваючы нам дра-