Старонка:Пятуховіч Замоцін Колас.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але, зарысоўваючы пераважна сумныя малюнкі, якія давала песьняру само жыцьцё, Якуб Колас ніколі не даходзіць да адчаю, да роспачы; ён верыць у працоўныя масы.

Паралельна сваім вершаваным лірычным творам Якуб Колас піша мастацкія апавяданьні, дзе зарысоўвае сьветлы пачатак сялянскай псыхікі. У яго дробных апавяданьнях зрэдка зьяўляецца быт сам па сабе, у аголеным відзе. На падставе быту пісьменьнік дае нам псыхолёгічныя малюнкі. У гэтых псыхолёгічных зарысоўках выяўляецца ўсё багацьце народнай душы. Напрыклад, пісьменьнік рысуе нам, як цёмны інстынкт самазахаваньня ўступае ў сялянскай душы сьветламу пачуцьцю гонара (Малады Дубок). Ня раз пісьменьнік малюе нам і іншыя высокія парываньні простага прыціснутага горам чалавека.

Заглядае пісьменьнік і ў душу злачынцаў, якіх асудзіла формальная юрыдычная праўда; у цыклі "З турмы" Колас рысуе нам арыштанцкае жыцьцё і розныя тыпы арыштантаў. Гэта тэма арыштанцкага жыцьця ня раз зачэплівалася ў сусьветнай літаратуры. Ужо францускі пісьменьнік Гюго ў сваім творы "Mіserables" рысуе нам романтычны падфарбованы вобраз злачынца; у расійскай літаратуры Дастаеўскі, Якубовіч-Мельшын адбіваюць сьвет сапраўдных злачынцаў-катаржнікаў. У Якуба Коласа ў дадзенай галіне ёсьць свая сфэра: ён рысуе нам сьвет дробных злачынцаў; ускрывае нам супярэчнасьць паміж знадворнай формальнай праўдай і праўдай унутранай, псыхолёгічнай. У цыклі "З турмы" выступаюць скромныя сярмяжныя гэроі, якія выпадкова трапілі за краты, але па сутнасьці гэта добрыя гаспадары, зьвязаныя з сваёй гаспадаркай і карысныя грамадзяне.

Так, ужо ў раньнім пэрыодзе сваёй творчасьці Якуб Колас выступае, як прыяцель усіх няшчасных, усіх абяздоленых жыцьцёвым лёсам.

Вера ў народныя масы ратавала Коласа сярод самай жудаснай рэакцыі царскіх часоў. На скрыдлах гэтай веры пясьняр часта падымаецца вышэй смутнай дзейснасьці; ён прадбачыць зару новага шчасьця, новага жыцьця, і тады з яго вуснаў зьлятаюць залатыя прарочыя словы, поўныя бадзёрасьці і веры ў лепшую будучыну; поэта гаворыць, напрыклад:

Не бядуй, што сьнег халодны
Скрые землю ад вачэй,—
Не загіне край твой родны
Ў цемнаце ліхіх начэй.
Будзе час і сьнег растане,
Прыдзе к нам ізноў вясна,
Ціха з неба сонца гляне,
Ачуняе старана.

Вера поэты зьдзейсьнілася. Працоўныя масы скінулі з сябе ярмо нацыянальнага і соцыяльнага ўціску, старонка ачуняла і пад уладай рабочых і сялян будуе новае жыцьцё.