Старонка:Пятуховіч Замоцін Колас.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вобразы пакуты бачыць поэта і ў Беларусі; родная старонка прадстае перад ім у жалобнай вопратцы смутку і гора; пясняр пераважна ўсьпявае:

Від палёў благенькіх,
Нудны воклік ў родных горах,
Вербаў рад крывенькіх;
Лесу гоман, гул нястройны,
Шум лазы ў балоце,
І нудлівы неспакойны
Шэлест у чароце.

Нішто ня радуе сэрца поэты; ён рысуе нам шэры аднастайны пэйзаж; у прыродзе заўважае сумна элегічныя вобразы, адпавядаючыя смутным настроям. Адлёт жураўлёў будзіць у яго душы нейкі жаль, ён адчувае як-бы згубу чагосьці роднага; у васеньнім дажджы чуюцца яго сьлёзы; пад шум ветра хочацца яму плакаць. Асабліва вабіць да сябе поэту ўсё забытае, адзінокае. Жытні колас, застаўлены на ніве, адзінокая кветка, прытуліўшаяся на турэмным двары, пахіліўшаяся над вадою вярбіна — абуджаюць у песьняра цэлы шэраг сумных асоцыяцый; яны асабліва вабяць да сябе поэту, можа, таму, што ў іх ён бачыў сымболі сваёй многапакутнай бацькаўшчыны, таксама забытай, таксама адзінокай на гістарычным шляху ў часы царызму.

Паралельна смутным вобразам прыроды вырастаюць у Якуба Коласа і адпаведныя смутныя соцыяльныя малюнкі. Пясьняр як-бы ўвабраў у сябе ўвесь енк і скаргі роднага народу. Вялікім сумам павявае ад яго малюнкаў вёскі:

Цесна зьбілісь нашы хаты,
Як авечкі ў летні жар;
Для агню тут корм багаты,
Як ўпадзе сюды пажар:
Хлеўчык, пограб і гуменцы
Пад адзін зьліліся плех;
Трэскі ўсаджаны ў вакенцы,
Замест шкла—радняны мех.
Многа тут гразі ў нягоду.
Многа пылу ў летні жар;
Тут дабра ня бачаць з роду
Тут марнее гаспадар...
Тут нуда жыве людзкая,
Прыпынілась гора тут;
Сьмерць дзяцей, хвароба злая,
Тут знайшлі прытульны кут.

Экономічнае разбурэньне вёскі ў часы царызму, клясавыя супярэчнасьці, разьядаўшыя яе, дзякуючы ненормальнаму соцыяльнаму ладу, эксплёатацыя, якая давіла селяніна,—усё гэта знайшло свой мастацкі адбітак у творчасьці Коласа ўжо ў раньнім пэрыодзе яе.