Старонка:Пятуховіч Замоцін Колас.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
ТВОРЧЫ ШЛЯХ ЯКУБА КОЛАСА[1]
(Да 20-гадовага юбілею літаратурнай дзейнасьці песьняра)
Проф. М. Пятуховіч

У кароткім юбілейным нарысе цяжка абхапіць багатую па зьместу і многагранную па форме творчасьць Якуба Коласа. Мажліва толькі ў самых агульных рысах намеціць творчы шлях, пройдзены песьняром, правесьці агульныя лініі яго літаратурнага разьвіцьця.

Пачынае Якуб Колас з сумных песьняў. Першы яго зборнік, які вышаў у 1910 г., называецца "Песьні жальбы". Ужо характэрнай зьяўляецца самая назва твораў: яна добра падкрэсьлівае агульны характар зборніка, у ім сапраўды выяўляюцца хваравітыя скаргі і енк песьняра.

Вялікі нямецкі романтык Гейнэ дзесь-та заўважыў, што каб быць вялікім поэтай, трэба моцна любіць, альбо моцна пакутваць. Вялікія пакуты выпалі і на долю славутага беларускага песьняра. Царскі ўрад у самым росквіце юнацтва поэты кінуў яго за рэволюцыйную дзейнасьць у турму. Тут у мрачнай абстаноўцы няволі Якуб Колас складаў большасьць сваіх першых песьняў. Адкуль было ўзяцца бадзёрым настроям? Пясьняр сядзеў за кратамі, а там за гэтымі кратамі была адна агульная турма—турма царскай Расіі, душыўшая ўсё жывое, прыціснуўшая беларускі народ цяжарам падвойнага ўціску—нацыянальнага і соцыяльнага.

Суровая дзейснасьць давала мрачныя фарбы для поэзіі песьняра. Сам поэта зазначае ў пачатку свайго першага зборніку:

Ня пытайце, не прасіце,
Сьветлых песень у мяне.
Бо як песьню засьпяваю,
Жаль ўсю душу скалыхне.
Я-б сьмяяўся, жартаваў-бы.
Каб вас чуць разьвесяліць,
Ды на жыцьце як паглянеш,
Сэрца болей зашчыміць.
Нешчасьліва наша доля
Нам нічога не дала;
Ня шукайце кветак ў полі,
Як вясна к нам ня прышла.

  1. Даклад, зроблены 24 лістапада 1926 г. у Доме Прац. Асьветы на ўрачыстым ушанаваньні юбіляра.