Старонка:Пятуховіч Замоцін Колас.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я... так... хлопец... падарожны,
Праз сябе сам... Я... нічый!..

Гаворыць ён старому жабраку. З гэтым дзедам разам у двух ён перажыў паласу жабрацтва і блізка глянуў у твар вясковай рэчаіснасьці.

Шлі яны ад хаты к хаце,
З вёскі ў вёску, з краю ў край,
У сярмяжках—латка ў лаце.
З адным толькі словам—дай!
І ў прыгодзе ўсё бывала:
Ціснуў холад іх, мароз,
Сьнегам вочы засыпала,
Вецер торбачкі іх трос.
Як шалёны выў, сьмяяўся,
Біў у твар і з ног скідаў
Ды ў лахмоцьце забіраўся,
Шапкі з іх галоў зрываў
І ганяў па сьнежным полі,
Злы, бязжаласны вар'ят.

Ён спрабаваў потым і долю парабка ў карчме Шлёмы. А таксама папаў і ў пышны замак пана, каб, убачыўшы на свае вочы драпежніцкае шчасьце нямногіх моцных і задаволеных, першы раз у жыцьці глыбока задумацца над соцыяльнымі супярэчнасьцямі вакольнага жыцьця:

Хто выводзіў тыя вежы?
Хто той замак будаваў?
Злотаблескія адзежы
Хто для сьцен яго саткаў?
Чые рукі з мазалямі
Тут зьнясьлі свае дары?
Потам, кроўю і сьлязамі
Сцамантованы муры...
Ім—усё, а нам—нічога,
Адным жыць ды панаваць.
С другім—адна дарога:
Сваё жыцьцё марнаваць...

І дзеду Даніле ён паставіў цяпер другое вострае пытаньне—ужо не аб таямніцах мітатворчасьці, аб якіх ён пытаўся ў сябра свайго дзяцінства—дзеда Курылы, аб прызначаных лёсам загадках старой соцыяльнасьці, тады яшчэ не разьвязаных:

А скажы мне, дзеду любы,
Чаму так на сьвеце стала,
Што адным даецца мала,
А другому аж за губы?..

І тады-ж ён зразумеў канечную патрэбнасьць протэсту, барацьбы з злою няпраўдаю,—ён зразумеў, што (як ён гаворыць) „проціў сілы можна ставіць толькі сілу". І калі ён зайграў на скрыпцы сярод пышных абставін замку і сярод яго гасьцей, у яго граньні адчуўся гнеў барацьбіта супроць соцыяльнай няпраўды: