Старонка:Пятуховіч Замоцін Колас.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён зайграў, і струны горка
Адклікаліся―гулі,
Аддавала іх гаворка
Гневам, крыўдаю зямлі...

У жыцьцёвай практыцы Сымонкі значнае месца займае і яго каханьне да Ганны. Гэта таксама фактар росту і мужаньне яго таленту. Але каханьне і асабістае шчасьце не паглынаюць яго асноўных настрояў і мотываў, што вельмі характэрна для прыроды творчасьці самога Я. Коласа: поэты яго пары не аддаюцца выключна лірыцы асабістага пачуцьця, ― лірыка нацыянальна-соцыяльнага характару ў іх пераважвае. Таксама намалёвана і творчасьць Сымона ў часы росквіту яго каханьня. У Ганьне ён знайшоў сугучную натуру, якая адклікалася на яго лепшыя імкненьні. Дзеля гэтага каханьне яшчэ больш акрыляе яго, робіць больш моцным, больш духоўна вольным, і пры гэтым завастрае яго сьвядомасьць поэты-барацьбіта супроць зложыцьця і за новую, лепшую рэчаіснасьць. Калі ён у лесе, пад уражаньнем нядаўнага спатканьня з Ганнай, натхенна грае па просьбе пана, у яго граньні каханьне гармонічна пераблытваецца з скаргай на цяжкую нядолю і з парывамі да шырокай волі:

Ён іграў аб тым спатканьні,
Аб дзяўчынцы яснавокай,
Волі вольнай і шырокай,
Аб сваім іграў блуканьні
І аб долі адзінокай;
Ён іграў аб родным дому,
Аб жыцьці сваім бязьлетным,
Аб імкненьні тым сусьветным,
Што чуваць у буры, грому...

Карыстаючыся каханьнем Ганны, якая ўступіла з ім на агульны жыцьцёвы шлях, Сымон канчаткова вырас у сапраўднага песьняра. І поэта, праводзячы яго ў далейшае працоўнае жыцьцё народнага сьпевака, гаворыць яму ўсьлед заключныя словы сваёй поэмы:

Пайшоў Сымон сваёй пуцінай,
Бо ён прыроджаны пясьняр.
Панёс ён людзям песень дар—
Агонь душы і сэрца жар,
Панёс пясьнярскай каляінай.

Ён пайшоў тэй „пясьнярскай каляінай“, па якой сам Якуб Колас ідзе ўжо дваццаць гадоў, уступаючы ў трэцяе дзесяцілецьце свайго ганаровага служэньня беларускаму поэтычнаму мастацтву.

Але, апавядаючы аб сваім Сымоне, які шчасьліва перамог, як і сам Якуб Колас, усе перашкоды на шляху да росквіту свайго таленту, поэта не адзін раз выяўляе засмучаньне па выпадку таго, што цяжкія ўмовы. жыцьця дарэволюцыйнай Беларусі не давалі магчымасьці разьвіцца многім дачасна загінуўшым талентам людзей з народу: