Старонка:Пятуховіч Замоцін Колас.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

не ад асобных людзей, не з сямейнага толькі жыцьця, але з шырокага народнага быту, усмоктвае яго з тэй народнай тоўшчы, у якой назьбіралася шмат спадчынных соцыяльных тэм, чакаўшых свайго адбітку і ў поэзіі. Народна-песенныя соцыяльныя мотывы прышлі да яго ў спадчыну ад прадстаўнікоў старэйшых пакаленьняў, адараных, як і ён, поэтычным сьветаадчуваньнем. Ён пачуў гэтыя мотывы спачатку ў песьнях дудароў, якія зачаравалі яго дзіцячае выабражэньне і рассунулі горызонты яго назіраньняў (..."цяпер", г. зн. пасьля іграньня дудароў, „пазнаў ён тое, чаго шчыра так шукаў"). І пасьля гэтага першага ўражаньня ад народнай песьні, насычанай соцыяльна-бытавым настроем, Сымонка пачынае жыць новымі мотывамі, якія настойліва чуюцца яму ва ўсім вакольным жыцьці:

Зыкі смутку, песьні волі
Чуў хлапчук з усіх старон.

Дзеля гэтага, як толькі перайшла ў яго рукі дудка дзеда Курылы, ён зразу найшоў сваёю ігрою дарогу да народнага гора.

На прывольлі, сеўшы ў полі,
Смутна стане хлопчык граць;
Льлюцца, таюць зыкі болю,
Аж калоцяцца, дрыжаць...

І слухаюць яго граньне жнеі, таму што яна ім блізкая, яна родная іх набалеўшаму сэрцу:

Смутак жнеек тых апране,
Разагнуцца і стаяць,
Як Сымон на дудцы стане
Жальбу сэрца выяўляць.
Так-жа грае ён прыгожа—
Серп застыне ў іx руках,
І павісьне жменька збожжа
На разогнутых плячах.

Зрабіўшыся ўладаром скрыпкі, Сымонка яшчэ больш зьвязаў сваю таленавітасьць з тэмамі народнай нядолі.

...Сымонка неахвотна
Грау "кадрылі", "кавалі".—
Біў ён больш на лад маркотны,
Дзе пакутаю зямлі
Аддаваўся сьпеў гаротны,
Сьлёзы жаласьці цяклі,
І дзе чуўся жаль, уціскі,
Крыўда, гора бедака.
Бо сьвет смутку болей блізкі
Быў для сэрца хлапчука.

Сымонку не даставала цяпер толькі жыцьцёвае практыкі, каб зрабіцца праўдзівым закончаным поэтай. Гэта быў трэці фактар у разьвіцьці яго поэтычнай таленавітасьці. І ён прайшоў гэтую суровую практыку, як прайшоў яе і Я. Колас і некаторыя другія беларускія поэты, уведаўшы ў свой час цяжкі лёс. Ён пачаў з адзінокага вандраваньня.