Старонка:Пялёсткі (1926).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗     ∗

Ізноў холод і вецер і сіняя цьма,
Ізноў сэрца балючае плача.
О, нашто над палямі разьлёгся туман,
Калі хочацца сонца пабачыць.

Зацьвіла прад вакном маім белая даль,
Налілася жыцьцём і каханьнем,
Толькі сонца ня хоча цяпла ёй даваць
І схавалася недзе ў тумане.

Так і песьня сягоньня мая зацьвіла,
Толькі сілы няма й поўнай волі,
Каб на родным прасторы дуброў і сяла
Каласілася сьпевамі поле.

Я йшчэ ведаю: сьмехам жыцьцёвых крыніц
Захаплюся на ўлоньні прыроды,
Толькі згіне хай холад і хмурыя дні,
Што навеялі цьму і нягоды.