Старонка:Пялёсткі (1926).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗     ∗

Эх, палі, залатое раздольле.
Ну чаго-ж так застукала кроў? —
Гэта даль і шырокае поле
Наліліся каханьнем дуброў.

Я прышоў, засьмяяўся, заплакаў
І на грудзі асіны прылёг,
А, яна, як прапашчы гуляка,
Прытулілася ціха бяз слоў!

Ну і што-ж, дарагая асіна,
Ці ня ты мяне звала сюды? —
Раскажы-ж гэтым вечарам сінім
Аб жыцьці тваіх дзён маладых.

Раскажы, дзе хлапцы і дзяўчаты,
Дзе іх песьні і радасьць вясны,
Можа там, ў гэтых нізенькіх хатах
Больш ня будуць сьмяяцца яны.