Старонка:Пялёсткі (1926).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗     ∗

Чаго сёньня так сэрца палае,
Нават цяжка мне дыхаць ў палёх.
Дзе ты, кветак журба маладая,
Дзе ты, песьня юнацтва бяз слоў?

Песьня там, на шырокім раздольлі,
Дзе пяюць на курганах крыжы.
Я пайду і для кветак у полі,
Буду пець… усьміхацца і жыць.

Буду знаць я, што часу і сілы
Ня губляў ў гэтым сінім жыцьці.
Й данясу да халоднай магілы
Ўсе, што ў думках і песьнях насіў!

А цяпер над радзімым прасторам
Я сьпяю пра вясновую цьвець.
Каб асеньніх вятроў пераборы
Ня зьвінелі ў пажоўклай траве.