Старонка:Пялёсткі (1926).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І хоць знаю: ніколі ня вернеш назад,
Што прайшло, адцьвіло і памёрла ў палёх,
Толькі сэрца так хоча прасторам сказаць,
Каб ізноў запалілі вясну над сялом.
О, тады, з сваіх чулых і палкіх грудзей
Я аддам гэтым нівам палову душы.
Каб гарэў дыямэнтам залочаны дзень,
І каб вечна прастор красаваўся і жыў!

Гэта сон!.. залацісты, задорысты сон!..
Хто яго мне навеяў ад вёскі і ніў?!
За вакном той-жа ўпарты прыбой галасоў,
За вакном той-жа брук і прасьцяг камяніц.
Толькі сэрца яшчэ пад кашуляй дрыжыць,
І рука піша песьню сялянскай душы:
„Я прышоў на радзімую, вольную сінь,
Пад асеньнія сьвісты пажоўклых асін“.

|}