Старонка:Пялёсткі (1926).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СОН

Я прышоў на радзімую, вольную сінь,
Пад асеньнія сьвісты пажоўклых асін.
О, як сэрца застукала ў грудзі ізноў.
Так ня стукала моцна і ўпарта даўно.
Дзе ты, лес кучаравы, задуманы лес,
Толькі дзе-ні-дзе хвоі, асіны й лазняк
Свае сьлёзы губляюць і роняць на глей,
Мо‘ затым, што й для іх адцьвітае вясна.

Я ніколі ня думаў, ня ведаў, што так
Мяне стрэне радзімы прывольны абшар.
І на сэрца кладзецца з трывогай рука,
І так моцна, так глуха галосіць душа.
Дзе прыгожасьць, і сонца і сьвежая цьвець.
А так шкода… так шкода вясны і агня,
Чым гарэлі палі і зялёны дубняк
На шырокім прасторы вясновых завей.