Старонка:Пялёсткі (1926).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
∗     ∗

О, каменьне замоўкла, каменьне маўчыць,
Яно цёплага слова ня скажа.
Калі так, я хачу між палёў адпачыць,
Хай палі мне пра сонца раскажуць.

А я сэрцам, ўсёй чулай душой юнака
Ўсё скажу й прапяю на прывольлі,
Каб шумела мацней пад гарою рака
Й каласілася сьпевамі поле.

Каб пад сонцам румяным на роднай мяжы
Я ня змоўк разам з брудным каменьнем
І ня стаў, як другія, бяз шчырасьці жыць,
Адпіхнуўшы навекі імкненьні.

Я хачу яшчэ жыць сьветам майскіх начэй,
Каб у зелені ўбачыць свой край,
Калі будзе змагацца сьвятлей і ярчэй,
Калі раньнем праплача зара…