Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

не атрымае ўдараў, я памру з голаду. А калі вы кінеце вучэнне, мая пасада скасуецца, бо вам ужо будзе непатрэбны «паж для пабояў». Злітуйцеся, не праганяйце мяне.

Том быў расчулены гэтым шчырым горам. З царскім велікадушшам ён прамовіў:

— Не сумуй, мой друг! Я замацоўваю тваю пасаду за табою і за ўсім тваім родам.

Ён лёганька ўдарыў хлопчыка па плячу шпагай плашмя і ўсклікнуў:

— Устань, Гэмфры Марло! Ад гэтага часу твая пасада робіцца наследнай назаўсёды. Адгані смутак! Я зноў вазьмуся за мае кнігі і буду вучыцца так дрэнна, што тваю пенсію, па ўсёй справядлівасці, прыдзецца патроіць, — настолькі павялічыцца твая праца.

— Дзякую вам, благародны валадар! — усклікнуў Гэмфры з гарачай удзячнасцю. — Гэта царственная шчодрасць перавышае ўсе мае мары. Цяпер я буду шчаслівы да канца маіх дзён; і ўсе мае патомкі будуць шчаслівыя.

Том сцяміў, што гэты хлопчык можа быць яму вельмі карысным. Ён прымусіў Гэмфры разгаварыцца і не пашкадаваў аб гэтым. Хлопчык быў у захапленні, што можа садзейнічаць «выздараўленню» Тома; кожны раз пасля яго расказа аб розных здарэннях у класнай і ў палацы варта было толькі напомніць «хвораму розуму» караля аб падрабязнасцях, як той сам ясна прыпамінаў іх. Гэта гутарка дала Тому шмат вельмі каштоўных звестак аб норавах і звычаях у палацы, і ён захацеў чэрпаць штодзень з гэтай-жа крыніцы і загадаў дапускаць да яго Гэмфры кожны раз, як той да яго прыдзе, калі толькі яго вялікасць не будзе гутарыць у той час з іншымі. Не паспеў Гэмфры выйсці, як з’явіўся Гертфорд, прынесшы Тому новыя турботы і прыкрасці.

Ён паведаміў, што лорды совета, баючыся, каб перавялічаныя расказы аб нездароўі караля не пашыраліся ў народзе і за граніцай, палічылі патрэбным, каб яго вялікасць праз дзень-другі зрабіў ласку абедаць публічна. Яго здаровы колер твара, бадзёры поступ, спакойства, натуральнасць і ласкавая абыходлівасць лепш за ўсё рассеюць сумненні і супакояць усіх — на выпадак, калі непажаданыя чуткі ўжо праніклі ў шырокія колы насельніцтва.