Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

усё пра дзяржаўныя справы; нарэшце Том з засмучэннем уздыхнуў і прамармытаў сам сабе:

— Чым я ўгнявіў госпада бога, што ён адабраў ад мяне свежае паветра і сонца і запёр мяне тут, і зрабіў мяне каралём, і нарабіў мне столькі прыкрасці?

Тут бедная, стомленая яго галава пачала хіліцца ў дрымоце і ўпала на плячо. Справы каралеўства прыпыніліся за адсутнасцю аўгусцейшага рухавіка, маючага ўладу ператвараць кожнае жаданне лордаў у закон. Цішыня абкружыла задрымаўшага хлопчыка, і мудрацы дзяржавы перарвалі абгаварэнне спраў.

Перад абедам Том, з дазволу сваіх турэмшчыкаў, Гертфорда і Сент-Джона, адпачыў душою ў кампаніі лэдзі Елізаветы і маленькай лэдзі Джэн Грэй, хоць прынцэсы былі вельмі засмучаны цяжкай стратай у каралеўскай сям’і. Пад канец яму нанесла візіт «старэйшая сястра», пазней атрымаўшая ў гісторыі імя «Крывавай Марыі»[1]. Яна замарозіла яго сваёй чапурыстай і напышлівай гутаркай, якая ў яго вачах мела толькі адну вартасць — кароткасць. На некалькі мінут яго пакінулі аднаго, затым да яго быў дапушчаны худзенькі хлопчык гадоў дванаццаці, адзенне якога, за выключэннем мярэжаў на каўняры і рукавах, было ўсё чорнае — камзол, панчохі і ўсё іншае. У яго адзежы не было ніякіх адзнакаў жалобы, толькі чырвоны бант на плячы. Ён ішоў нясмела, схіліўшы галаву і, падышоўшы, стаў перад Томам на адно калена. Том з хвіліну сур’ёзна глядзеў на яго і нарэшце сказаў:

— Устань, хлопчык! Што табе трэба? Хто ты такі?

Хлопчык устаў на ногі. Ён стаяў перад Томам у элегантнай, вольнай позе, але на твары яго было неўразуменне.

— Ты, вядома, памятаеш мяне, мілорд? Я — твой «паж для пабояў».

— Паж для пабояў?

— Так. Я Гэмфры… Гэмфры Марло.

Том падумаў, што яго апекунам не шкодзіла-б расказаць яму аб гэтым пажы. Становішча было няёмкае. Што рабіць? Прытварацца, быццам ён пазнае хлапчука, а потым кожным сваім словам выяўляць, што ён ніколі і ў вочы не бачыў яго? Не,

  1. Марыя Тюдор, каралева англійская (1516-1558). Яе царстваванне адзначана рэлігійнымі праследавайнямі і шматлікімі забойствамі пратэстантаў.