Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чыясьці цёмная фігура з’явілася ля яго пасцелі, нечы голас сказаў:

— Што пажадаеш загадаць?

— Загадаць?.. О гора мне, я пазнаю твой голас! Кажы… хто я такі?

— Яшчэ ўчора ты быў прынц Уэльскі, сёння-ж ты мой аўгусцейшы ўладар, Эдуард, кароль Англіі.

Том схаваў галаву ў падушкі і жаласна пралепятаў:

— На жаль, гэта быў не сон! Ідзі, адпачывай, добры сэр! Пакінь мяне аднаго з маім горам!

Том зноў заснуў, і хутка яму сасніўся прыемны сон. Яму снілася, што на дварэ лета і нібы ён гуляе адзін на прыгожай палянцы, якая завецца Гудмэнсфілд[1], як раптам да яго падыходзіць карлік, гарбаты, з даўгімі рыжымі бакенбардамі і гаворыць:

— Капай ля гэтага пня!

Том паслухаўся і знайшоў цэлых дванаццаць бліскучых новых пенсаў — казачнае багацце! Але лепшае было наперадзе, бо карлік сказаў:

— Я цябе ведаю. Ты добры, варты хлопчык; тваё гора скончылася, прышоў дзень узнагароды. Капай на гэтым самым месцы кожны тыдзень, і ты кожны раз будзеш знаходзіць тут багацце — дванаццаць бліскучых, новых пенсаў. Толькі хавай гэта ў тайне, не кажы нікому.

Затым карлік знік, а Том са сваёй здабычай панёсся ў Двор аб’едкаў, кажучы сабе: «Цяпер я кожны вечар буду даваць бацьку па аднаму пені; ён будзе думаць, што я сабраў іх, просячы міласціну, гэта будзе весяліць яго сэрца, і ён пакіне мяне біць. Адзін пені ў тыдзень я буду даваць добраму папу, які вучыць мяне, а астатнія чатыры — матцы, Нэн і Бэт. Мы не будзем болей галадаць і хадзіць галадранцамі. Бывай, беднасць, вечны страх і пабоі!»

У сне ён мігам апынуўся ў сваім брудным жыллі; прыбег туды запыхаўшыся, але вочы ў яго так і скакалі ад радасці; ён кінуў чатыры манеты на калені матцы, крыкнуўшы:

— Гэта табе!.. Усё табе, усё да апошняга! Табе і Нэн, і Бэт… Гэта чэсна заробленыя грошы, не выпрашаныя і не ўкрадзеныя!


  1. Гэта азначае: „палянка добрага чалавека“.

82