Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

слаўнае імя, ён пусціўся на ўцёкі, і справа французскага караля была прайграна. Кароль Джон вярнуў Дэ-Курсі ўсе яго тытулы і маёнткі, дадаўшы: «Прасі ў мяне, чаго хочаш; тваё жаданне будзе выканана, хаця-б яно каштавала мне паловы майго каралеўства». Дэ-Курсі схіліў калені, як я цяпер, і адказаў: «У такім разе, гасудар, дай мне і маім патомкам прывілею аставацца з пакрытай галавой у прысутнасці караля Англіі, пакуль у ёй будзе існаваць каралеўскі прастол». Просьба яго была задаволена, як вядома вашай вялікасці, і за гэтыя чатырыста гадоў род Дэ-Курсі не звёўся, так што і да сёнешняга дня галава гэтага даўняга рода заўсёды астаецца ў прысутнасці караля ў капелюшы ці шлеме, не просячы на гэта ніякага асобага дазволу, — чаго не мае права зрабіць ніхто іншы[1]. І вось, спыняючыся на гэтым прыкладзе, я прашу ў караля адной толькі ласкі і прывілеі, якая будзе для мяне больш як дастатковай узнагародай, а іменна: каб мне і ўсяму майму роду раз назаўсёды дазволена было сядзець у прысутнасці англійскага манарха!

— Устань, сэр Майлс Гендон! Я пасвяшчаю цябе ў рыцары, — з важнасцю прамовіў кароль, удараючы яго па плячы ягонай-жа шпагай, — устань і сядай! Твая просьба выканана. Пакуль існуе Англія, гэта ганаровае права астанецца за табой.

Яго вялікасць адышоў, задумаўшыся, а Гендон так і паваліўся на крэсла ля стала, разважаючы:

«Гэта была вельмі ўдалая выдумка. Яна выручыла мяне з бяды, бо ногі мае надта змарыліся. Каб не прышло мне гэта ў галаву, я быў-бы вымушаны стаяць яшчэ многа тыдняў, пакуль мой бедны хлопчык не вылечыўся-б ад свайго вар’яцтва. Затое цяпер я зрабіўся рыцарам Мараў і Ценяў! Вельмі дзіўнае званне для такога сур’ёзнага чалавека, як я. Я не смяюся, — барані, божа, не! — бо тое, што не існуе для мяне, для яго з’яўляецца сапраўднасцю. Ды і для мяне гэта ў адным сэнсе важна: гэта сведчыць, якая ў яго добрая і благародная душа… Але што, калі яму прыдзе ў галаву і на людзях велічаць мяне гэтым гучным тытулам? Вось забаўны кантраст паміж маім рыцарскім званнем і маім нікчэмным убраннем! Ну, ды ўсёроўна! Няхай заве мяне, як хоча, як яму падабаецца. Я буду задаволены!»


  1. Лорды Кінгсэл, патомкі Дэ-Курсі, да гэтага часу карыстаюцца гэтай прывілеяй.

76