Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

насмешкамі і рогатам. Пасыпаліся крыкі: «Во яшчэ адзін маскарадны прынц!» — «Прыкусі язык, прыяцель: бачыш, які ён сярдзіты!» — «і то праўда, вунь як ён глядзіць!» — «Адцягніце ад яго хлапчука, у ваду шчаня!»

У адзін міг выконваючы гэту шчаслівую выдумку, нехта ужо схапіў прынца за шыварат, але незнаёмец таксама ў адзін міг выхапіў шпагу і зваліў дзёрзкага на зямлю звонкім ударам плашма. Зараз-жа дзесяць галасоў адразу закрычалі: «Забіць гэтага пса! Бі яго! бі!» і натоўп накінуўся на незнаёмца; а той прысланіўся да сцяны і як шалёны размахваў даўгой шпагай, раскідаючы вакол сябе нападаўшых. Афяры яго так і валіліся на зямлю, але людзі, топчучы іх нагамі, накідваліся на героя з неаслабнай ярасцю. Пагібель яго здавалася немінучай, але тут раптам затрубіла труба, і нечы голас загрымеў:

— Дарогу каралеўскаму ганцу!

Прама на людзей скакаў атрад конных салдат. Усе кінуліся хто куды, а храбры незнаёмец падхапіў прынца на рукі і скора быў далёка ад натоўпу і небяспекі.

Але вернемся у ратушу. Заглушаючы шум гульбы і крыкі вясёлага банкета, раптам у залу ўварваўся чысты і выразны гук рога. Адразу наступіла глыбокая цішыня, і сярод гэтай цішыні пачуўся адзін голас—голас ганца, прысланага з палаца. Усе, як адзін чалавек, усталі і пачалі слухаць.

Прамова ганца скончылася ўрачыстымі словамі:

— Кароль памёр!

Усе, нібы па камандзе, схілілі галовы на грудзі і некалькі хвілін аставаліся ў глыбокім маўчанні; потым кінуліся на калені перад Томам, працягваючы да яго рукі і агалашаючы ўвесь будынак гучнымі крыкамі, ад якіх сцены задрыжалі:

— Хай жыве кароль!

Вочы беднага Тома, аслепленыя гэтым цудоўным з’явішчам, збянтэжана блукалі навакол і нарэшце спыніліся на прынцэсах, якія таксама апусціліся перад ім на калені, потым на лордзе Гертфордзе. На твары яго выразілася рашучасць. Ён нагнуўся да лорда Гертфорда і шапнуў яму на вуха:

— Скажы мне праўду, шчыра, сумленна! Каб я зараз выдаў загад, якога ніхто не мае права выдаваць, апрача караля, ці быў-бы гэты загад выкананы? Ніхто не ўстаў-бы і не крыкнуў: «нельга!»

— Ніхто, гасудар, ніводзін чалавек ва ўсім каралеўстве.

63