Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У тваёй асобе загадвае валадар Англіі. Ты — кароль, твая воля — закон.

Тады Том прамовіў цвёрдым голасам, горача, з вялікім уздымам:

— Дык няхай жа ад гэтага часу воля караля будзе законам міласці, а не законам крыві. Устань з кален! і хутчэй у Тауэр абвясціць каралеўскую волю: герцаг Норфолькскі астанецца жыць.

Словы гэтыя мігам былі падхоплены і, перадаючыся з вуснаў у вусны, пранесліся па ўсёй зале. І не паспеў Гертфорд выйсці, як сцены ратушы зноў задрыжалі ад аглушальных крыкаў:

— Скончылася царства крыві! Хай жыве Эдуард, кароль Англіі!

РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

ПРЫНЦ І ЯГО ЗБАВІЦЕЛЬ

Выбраўшыся з натоўпу, Майлс Гендон і маленькі прынц накіраваліся да ракі, прабіраючыся рознымі задворкамі ды закавулкамі. Яны без перашкоды дайшлі да Лонданскага моста, але тут зноў трапілі ў густы натоўп. Гендон моцна трымаў за руку прынца, або — не — караля. Патрасаючая навіна ўжо разнеслася па ўсім горадзе, і хлопчык чуў, як тысячы галасоў паўтарылі разам, што кароль памёр. Пры гэтай вестцы ледзяны холад пранікнуў у сэрца няшчаснага, беспрытульнага сіраты, і ён уздрыгануўся усім целам. Ён разумеў усю важнасць сваёй страты і быў глыбока засмучаны ёю, бо суровы тыран, які наводзіў жах на ўсіх, з ім быў заўсёды добры і ласкавы. Слёзы засцілі яму вочы, і ўсе навакольныя прадметы здаваліся яму нібы ў тумане. У гэтую мінуту ён адчуваў сябе самым пакінутым, адрынутым, забытым стварэннем ва ўсім свеце. Але раптам іншыя крыкі данесліся да яго, праразаючы начную цемру, нібы раскаты грома:

— Хай жыве кароль Эдуард Шосты!

Пры гэтым крыку вочы прынца заблішчэлі, і ён увесь задрыжаў ад гонару.

«Ах, — думаў ён, — якім гэта здаецца велічавым і дзіўным: я — кароль!»

Нашы сябры павольна пракладвалі сабе дарогу скрозь натоўп на мосце. Гэты мост, які існаваў ужо шэсцьсот гадоў і ўвесь гэты час быў нібы вельмі люднай і шумнай праезнай дарогай, цяпер меў вельмі цікавы выгляд: па абодвух баках, ад аднаго

64