— Так, сапраўды так! — усклікнуў кароль. — Прынясі-ж яе! Ды хутчэй, бо час ляціць!
Лорд Гертфорд з усіх ног пабег да Тома, але хутка вярнуўся збянтэжаны, з пустымі рукамі.
— З прыкрасцю павінен паведаміць майму валадару каралю непрыемную і горкую вестку, — сказаў ён, па волі боскай немач прынца яшчэ не прайшла, і ён не можа прыпомніць, ці была аддана яму вялікая пячатка. Я паспяшыў далажыць аб гэтым вашай вялікасці, мяркуючы, што наўрад ці варта шукаць яе ў шматлікіх пакоях і залах, належачых яго высокасці. Гэта было-б стратай каштоўнага часу.
Енк караля перарваў яго прамову. З глыбокім смуткам у голасе кароль прамовіў:
— Не турбуйце яго! Беднае дзіця. Рука боская абцяжэла на ім, і маё сэрца разрываецца ад любові і жалю да яго і сумуе, што я не магу ўзяць яго цяжар на свае старыя, змучаныя згрызотамі плечы, каб ён быў спакойны і шчаслівы.
Кароль сплюшчыў вочы, прамармытаў нешта незразумелае і змоўк. Праз некаторы час павекі яго зноў адкрыліся. Ён павёў навакол мутнымі вачыма і нарэшце спыніў іх на лордзе-канцлеры, які стаяў перад ім на калене. Раптам твар яго ўспыхнуў гневам.
— Як, ты яшчэ тут? Клянуся госпадам богам, калі ты сёння не скончыш са здраднікам, заўтра-ж ты заплоціш мне сваёй галавой!
Канцлер, трасучыся ўсім целам, усклікнуў:
— Злітуйцеся, ваша вялікасць, мой добры кароль! Я чакаю каралеўскай пячаткі.
— Ты, здаецца, звар’яцеў, мой любы! Малая пячатка, тая, што раней я вазіў з сабою ў чужыя краіны, ляжыць у мяне ў скарбніцы. І калі знікла вялікая, хіба табе нехапае малой? Ідзі! І не смей вяртацца без яго галавы.
Бедны канцлер з вялікай паспешнасцю ўцёк ад небяспечнага каралеўскага гневу; а камісія не марудзіла з зацвярджэннем прыгавара, вынесенага рабалепным парламентам, і назначыла на другую раніцу пакаранне смерцю першага пэра Англіі, злашчаснага герцага Норфолькскага.