РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
ПАРАД НА РАЦЭ
У дзесяць гадзін вечара шырокі фасад палаца з боку ракі зазіхацеў вясёлымі агнямі. Рака, наколькі магло ахапіць вока ў кірунку да Сіці, была ўся пакрыта рыбацкімі баркамі і весяліцельнымі суднамі. Уся гэта флатылія, убраная рознакаляровымі ліхтарыкамі, ціха калыхалася на хвалях і была падобна на вялізны стракаты кветнік, які калышацца ад подыху летняга ветру. Якая жывапісная была тэраса з каменнымі ступенямі, што вялі ўніз к вадзе! Яна была настолькі вялікая, што на ёй магла-б змясціцца армія якой-небудзь нямецкай дзяржавы. На ёй выстраіліся рады каралеўскіх алебардшчыкаў у бліскучых даспехах, і цэлае войска слуг сноўдалася па ёй узад і ўперад, спешна канчаючы апошнюю падрыхтоўку.
Але вось пачуўся нечы загад, і на тэрасе ў адзін міг не асталося ніводнай жывой душы. Усё паветра, здавалася, замерла ад напружанага чакання. Уся рака была запоўнена людзьмі, якія стаялі ў лодках і, засланяючы вочы ад яркага святла ліхтароў і факелаў, глядзелі ў бок палаца.
К ступеням тэрасы падплывалі адно за адным залочаныя прыдворныя судны. Іх было сорак-пяцьдзесят, не меней. У кожнага судна высокі нос і карма былі пакрыты мастацкай разьбой. Адны з іх былі ўбраны флажкамі і сцягамі, другія — залатой парчой і рознакаляровай тканінай з вышытым на іх фамільным гербам, а некаторыя — шоўкавымі флагамі. Да гэтых шоўкавых флагаў было прывешана шмат сярэбраных званочкаў, з якіх так і сыпаліся ва ўсе бакі вясёлыя пырскі музыкі пры малейшым подыху ветру.
Лодкі, якія належалі лордам світы прынца Уэльскага, былі ўпрыгожаны яшчэ больш вычварна: іх барты былі абвешаны распіснымі шчытамі з ярка намалёванымі гербамі. Кожную каралеўскую барку цягнула на буксіры маленькае судна. Апрача грабцоў, на гэтых суднах сядзелі воіны ў бліскучых шлемах і латах ды музыканты.
У шырокіх варотах галоўнага ўвахода ўжо з’явіўся авангард чакаемай працэсіі — атрад алебардшчыкаў.
Алебаршчыкі былі адзеты ў паласатыя, чорныя з чырвоным, штаны, аксамітныя шапачкі, аздобленыя збоку сярэбранымі ружамі, і камзолы з цёмначырвонага і блакітнага сукна, з вышы-